Эканоміка Беларусі ў перыяд спроб эканамічных пераўтварэнняў (50 – 60-ыя гг.) i ў 70-ыя – першай палове 80-ых гг.













Эканоміка Беларусі ў перыяд спроб эканамічных пераўтварэнняў (50 – 60-ыя гг.) i ў 70-ыя – першай палове 80-ых гг.


Развіццё гаспадаркі Беларусі ў 50-я гг. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі


Асноўнымi задачамi развіцця эканомікі Беларусі ў 50-я гг. былi:

- павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця савецкага народа;

- актыўнае ўключэнне ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю;

- вывад з крызісу сельскай гаспадаркi;

- перааснашчэнне Савецкай Арміі новымі відамі ўзбраення.

Пятая пяцігодка (1951-1955 гг.) ставiла перад сабой такiя задачы як:

- Рост валавай прадукцыі прамысловасці Беларусі на 75-80%.

- Паскоранае развіццё цяжкай прамысловасці і вытворчасці.

- Дабіцца зніжэння сабекошту прадукцыі на 20-25%.

- Павелічэнне вытворчасці тавараў народнага спажывання і павышэнне ўзроўню жыцця працоўных.

На жнівеньскай (1953 г.) сесіі ВС СССР старшыня СМ СССР Г.М.Малянкоў выступіў з абгрунтаваннем эканамічнай палітыкі новага палітычнага кіраўніцтва краіны па сацыяльнай пераарыентацыі народнай гаспадаркі. Задачы: адначасова з высокімі тэмпамі развіцця цяжкай прамысловасці больш хутка развіваць вытворчасць тавараў народнага спажывання; павялічваць капіталаўкладанні ў лёгкую, харчовую прамысловасці і сельскую гаспадарку; правесці зніжэнне цэн. У Дзяржаўным бюджэце СССР на 1953 г. былі прадугледжаны вялікія датацыі на вытворчасць тавараў народнага спажывання.

Мерапрыемствы:

Павышаны нарыхтоўчыя цэны на с/г прадукцыю (на жывёлу і птушку ў 5,5 разоў, на бульбу ў 2,5 раза, на малако і масла сметанкавое ў 2 разы). Зніжаны абавязковыя дзяржпастаўкі с/г прадукцыі з калгасаў.

Спісаны нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сяльгаспадатку за папярэднія гады, з 1954 г. падатак зніжаны ў 2,5 раза, з 1958 г. - адменены.

Умацавана матэрыяльна-тэхнічная база, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі (за 1954 г. яны ўзраслі на 52%).

Верасень 1953 г. – распрацоўвацца сістэма эканамічных і сацыяльных мер (рашэнні аб развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці прамысловых і харчовых тавараў для народа, развіцці бытавога і гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і шэраг іншых).

Асваенне цаліны. Удзельнічала 35 тыс. юнакоў і дзяўчат з Беларусі. За 1954-1956 гг. было ўзнята каля 36 млн. га цалінных зямель (30% пасяўных плошчаў СССР). Вынік – адмова ад інтэнсіўных метадаў пад’ёму сельскай гаспадаркі.

У с/г БССР вырасла ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы і ў 1955 г. павялічылася нарыхтоўка мяса, малака і інш. Аднак па шэрагу паказчыкаў заданні і гэтай пяцігодкі ў галіне сельскай гаспадаркі не былі выкананы.

Прамысловасць

Пятая пяцігодка (1951-1955 гг.).

Мерапрыемствы:

- Капітальнае будаўніцтва. Увайшло ў строй 1.010 новых прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 150 буйных (падшыпнікавы завод, камвольны камбінат, гадзіннікавы завод і завод будаўнічых матэрыялаў у Мінску, цукровы завод у Скідзелі, завод швейных машын у Оршы, шоўкаткацкая фабрыка ў Віцебску). Сукупная ўдзельная вага энергетыкі, паліўнай, машынабудавання і металаапрацоўкі ў асноўных фондах прамысловасці і валавай прадукцыі ў 1955 г. склала адпаведна 47% і 31%. Сярэдні рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці Беларусі за 1951-1955 гг. склаў 60%. Аб'ём прамысловасці за 1951-1955 гг. павялічыўся ў Беларусі больш чым у 2 разы пры плане 75-80%.

- Пераадолена адставанне лёгкай і харчовай прамысловасці (у 1955 г. выраблена ў 2 разы больш тавараў народнага спажывання, чым у 1950 г.).

- Развіваўся транспарт. Уводзіўся новы яго від – трубаправодны. У 1952 г. у Мінску ўвайшла ў строй першая тралейбусная лінія.

- Працоўнае заканадаўства лібералізавана. Адменены законы 1938-1940 гг., якія забаранялі звальняцца са сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў.

Шостая пяцігодка (1956-1960 гг.)

Задачы: паскоранае развіццё лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай галін, якія выпускалі тавары народнага спажывання; развіццё энергетычнай, машынабудаўнічай, хімічнай, радыётэхнічнай вытворчасці.

Мерапрыемствы:

Капітальнае будаўніцтва (Васілевічская ДРЭС, аўтамабільны завод - у Жодзіне, першы калійны камбінат - у Салігорску, нафтаперапрацоўчы завод - у Полацку, суперфасфатны завод - у Гомелі).

Пашырэнне НТР (навукова-тэхнічнага прагрэсу) у галінах прамысловасці.

Змена сістэмы кіравання эканомікай (галіновае кіраванне змянялася тэрытарыяльным). 10 мая 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб ліквідацыі ўсіх агульнасаюзных прамысловых міністэрстваў (міністэрства электрастанцый, абароннае, авіяцыйнае, судабудаўнічае, радыётэхнічнае, хімічнае заставаліся). Замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы – саветы народнай гаспадаркі ў рамках буйных адміністрацыйных раёнаў. У межах БССР быў створаны адзіны саўнаргас. Мэты: умацаваць гарызантальныя сувязі паміж прадпрыемствамі; перанесці аператыўнае кіраванне прамысловасцю і будаўніцтвам на месцы; паскорыць укараненне дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу; ліквідаваць залішнюю цэнтралізаванасць. Вынік: аблегчылася развіццё мясцовай і лёгкай прамысловасці, ускладнілася развіцце цяжкай.

Сельская гаспадарка Беларусі з сярэдзіны 50-х гг. упершыню пасля вайны стала рэнтабельнай. У калгасах сталі стварацца грашовыя і прадуктовыя фонды для гарантавання рэгулярнай аплаты працы. З 1956 г. калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні.

У 1958 г. ліквідаваны МТС, на іх базе створаны рамонтныя майстэрні, тэхніка прададзена калгасам. Вынік: лепшае выкарыстоўванне тэхнікі; пагаршэнне фінансавага становішча бедных калгасаў; ад’езд ў горад інжынерна-тэхнічных работнікаў былых МТС.

Вынікі: 50-я гг. былі паспяховымі для эканомікі нашай рэспублікі. Тэмпы эканамічнага росту былі высокімі. Дасягнута гэта за кошт прыросту рэсурсаў і за кошт лепшага выкарыстання іх. Прадукцыйнасць працы за дзесяцігоддзе ўзрасла на 62%. Была забяспечана таварна-грашовая збалансаванасць (на здаровую аснову пастаўлена грашовае абарачэнне і фінансы), зніжаліся цэны. Тэмпы прыросту нацыянальнага даходу склалі каля 10% у год (за кошт цяжкай індустрыі разам з галінамі, якія выпускалі тавары народнага спажывання, сельскай гаспадаркі, жыллёвым будаўніцтвам.

Сельская гаспадарка Беларусі ў 60-я гг

Першая палова 60-х гг. характаразуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі. Зніжаліся паказчыкі рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва. Знізіліся тэмпы росту эканомікі.

Прычыны:

- залішняя цэнтралізаванасць;

- крызісны стан у сельскай гаспадарцы;

- нізкая адукаванасць кіраўніцтва ў пытаннях эканамічнага развіцця;

- змены ў сусветных цэнах на сыравіну, паліўна-энергетычныя рэсурсы.

Мерапрыемствы:

- З ліпеня 1962 г. павышаны закупачныя цэны на мяса на 35%, на масла на 25%.

- Зніжаны цэны на грузавыя аўтамабілі для вёскі на 17%, на трактары на 9%, на запчасткі для іх і бензін на 40%.

- Ліквідаваны севазвароты, паслаблена ўвага да лугоў і культурных пашаў, пачалася "кукурузная ліхаманка" – як следства шаблонных указанняў з цэнтра па структуры пасяўных плошчаў, агратэхніцы і тэхналогіі вырошчвання, складзеных без уліку мясцовых умоў.

Сёмая пяцігодка

Вынік: на працягу 1960-1964 гг. сярэднегадавыя тэмпы росту валавай прадукцыі с/г склалі 4% (пагоршылася прадуктовае забеспячэнне гарадскіх жыхароў). Адбылася змена кіраўніцтва краіны. У кастрычніку 1964 г. Першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй СМ СССР быў назначаны А.М.Касыгін, пачалося рэфармаванне гаспадаркі.

Сакавіцкі (1965 г.) пленум ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб неадкладных мерах па далейшым развіцці сельскай гаспадаркі СССР”.

Меры ліквідавання адставання с/г:

- Зменена сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі. Уводзіўся цвёрды і нязменны план нарыхтовак на пяць гадоў наперад для кожнага калгаса, саўгаса, раёна, вобласці, рэспублікі.

- Павялічаны закупачныя цэны на с/г прадукцыю ў сярэднім у 1,5-2 разы. Прадукцыя, здадзеная звыш плана аплачвалася з 50% надбаўкай ад закупачнай цаны (павышалася рэнтабельнасць с/г і матэрыяльная зацікаўленасць калгаснікаў).

- Зняты абмежаванні на ўтрыманне жывёлы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы для калгаснікаў, рабочых і служачых.

- Намячалася за 1965-1969 гг. паставіць 1 млн. 790 тыс. трактараў, 1 млн. 100 тыс. грузавых аўтамабіляў, іншую тэхніку і абсталяванне; пабудаваць 200 рамонтных заводаў.

- Работы па меліярацыі, вапнаванні кіслых глеб, паляпшэнні лугоў і пашаў праводзіліся дзяржавай.

- Умацаванне калгасаў і саўгасаў на прынцыпах гаспадарчага разліку, адмены рэгламентацыі гаспадарчай дзейнасці. Новы Статут сельскагаспадарчай арцелі быў прыняты ў 1969 г.

- Укараненне ў сельскую гаспадарку дасягненняў навукі і перадавога вопыту, павышэнні ролі спецыялістаў і навукоўцаў.

- Усе гэтыя захады станоўча адбіліся на развіцці с/г, асабліва заметна гэта стала па выніках наступнай пяцігодкі.

Асаблівасці развіцця сельская гаспадаркi Беларусі:

- Пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў у жывёлагадоўлі. У розных раёнах рэспублікі былі пабудаваны птушкафабрыкі на 6 млн. галоў птушкі, кароўнікі на 958 тыс. галоў, свінарнікі на 856 тыс. галоў.

- Капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку за 1966-1970 гг. склалі амаль 2,8 млрд. руб., што на 13% больш, чым за папярэднія 10 гадоў.

- Праводзілася меліярацыя, асушана 957 тыс. га зямельных плошчаў. Буйныя памеры набыла хімізацыя – пастаўкі ўдабрэнняў сельскай гаспадарцы ўзраслі амаль у 1,9 раза, у т.л. калійных больш чым у 2,6 разоў. Для ўнясення ўдабрэнняў і апрацоўкі палёў хімікатамі пачала выкарыстоўвацца авіяцыя.

- Павялічыўся валавы збор збожжа ў 1,5 раза (за пяцігодку), прадукцыя жывёлагадоўлі ўзрасла на 34%. Ураджайнасць вырасла з 10 ц/га (сярэдзіна 60-х гг.) да 17-40 ц/г ў 1970 г.

- Сітуацыя ў с/г карэнным чынам змянілася. Калгасы цяпер не былі крыніцай, за кошт якой будавалася прамысловасць. С/г стала адным з буйнейшых аб’ектаў капіталаўкладанняў. Але, пачаўшыяся мерапрыемствы па згортванню рэформы прывялі да стагнацыі, застоя, а потым да перадкрызісных з'яў.


2 Прамысловасць Беларусі ў 60-я гг. Гаспадарчая рэформа і яе асноўныя вынікі


Першая палова 60-х гг. характаразуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі. Зніжаліся паказчыкі фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва. Знізіліся тэмпы росту эканомікі.

Прычыны:

- залішняя цэнтралізаванасць кіраваннем эканомікі;

- крызісны стан у сельскай гаспадарцы;

- нізкая адукаванасць кіраўніцтва ў пытаннях эканамічнага развіцця;

- змены ў сусветных цэнах на сыравіну, паліўна-энергетычныя рэсурсы.

Сямігадовы план развіцця народнай гаспадаркі

Сямігадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларусі (1959-1965 гг.) складзены ў межах шостай-сёмай пяцігодак). Асноўныя палажэнні:

- стварэнне новай галіны прамысловасці – нафтаперапрацоўчай;

- умацаванне паліўна-энергетычнай базы рэспублікі;

- далейшае развіццё традыцыйных галін;

- рост валавай прадукцыі прамысловасці ў 1,8 раза.

Мерапрыемствы:

Хуткае развіццё хімічнай прамысловасці (асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў) у першай палове 60-х гг. Уведзены першы Салігорскі калійны камбінат, будаваліся другі і трэці камбінаты, азотна-тукавы завод у Гродна, суперфасфатны ў Гомелі. Пабудаваны: комплекс Светлагорскага завода штучнага валакна, Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Новаполацкі нафтаперапрацоўчы завод, Пінскі завод штучнай скуры, Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў. Удзельная вага хімічнай прамысловасці ў вытворчых фондах прамысловасці Беларусі за 1959-1965 гг. падвоілася.

Апераджальнае развіццё атрымалі новыя неметалаёмістыя галіны – прыборабудаванне і электроніка. За 1959-1965 гг. выпуск электронікі ўзрос у 5 разоў, удзельная вага прадукцыі прыборабудавання, радыёэлектронікі і электронікі ў аб'ёме машынабудавання павялічылася ў 4 разы.

Высокія тэмпы развіцця захавала машынабудаванне і металаапрацоўка. Асаблівасць – будаўніцтва комплексаў звязаных паміж сабой машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. Такіх падэтальна спецыялізаваных прадпрыемстваў за 1959-1965 гг. было пабудавана 35 (завод аўтаагрэгатаў у Баранавічах, завод карданных валаў у Гродна, рысорны і маторны заводы ў Мінску). У 1965 г. машынабудаванне Беларусі забяспечана ўласным чыгунным і стальным ліццём, на 2/3 пакоўкамі і штампоўкамі, на 97% гумаватэхнічнымі вырабамі.

Адбылося павелічэнне ў паліўным балансе долі нафты і прыроднага газу (з 4,2% у 1958 г. да 34,6% у 1965 г.). Спрыяла адкрыццё Рэчыцкага радовішча нафты і пачатак у 1964 г. прамысловай здабычы нафты ў БССР. Пачалася газіфікацыя кватэр у гарадах і на вёсцы.

На прыканцы сямігодкі адбылася змена кіраўніцтва краіны. У кастрычніку 1964 г. Першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй СМ СССР быў прызначаны А.М.Касыгін. Пачалося рэфармаванне гаспадаркі. Першы крок – рэфармаванне с/г. Другі крок – паляпшэнне стану ў прамысловасці. Вераснёўскі (1965 г.) пленум ЦК КПСС – “Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Асноўныя палажэнні:

1. Удасканаліць сістэму планавання ў прамысловасці. Скарачэнне планавых паказчыкаў са 100 да 8. Асноўны паказчык – аб'ём рэалізаванай прадукцыі (раней аб'ём валавай прадукцыі). Прадпрыемству зацвярджаліся: асноўная наменклатура прадукцыі, фонд зарплаты, сума прыбытку і рэнтабельнасці, аб'ём капіталаўкладанняў і інш. Астатнія паказчыкі прадпрыемствы планавалі самастойна.

2. Увод гаспадарчага разліку. Прадпрыемствам дазвалялася: самастойна распараджацца часткай прыбытку; ствараць фонды для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага заахвочвання працаўнікоў, паляпшэння ўмоў працы і быту рабочых і служачых. Замест бясплатнага фінансавання капіталаўкладанняў пераходзілі да доўгатэрміновага крэдыту.

3. Змена арганізацыі кіравання прамысловасцю. Адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці, якія неслі адказнасць за стан галіны, высокі тэхнічны ўзровень прадукцыі, увядзенне стандартызацыі і ўніфікацыі вырабаў, укараненне НТР у вытворчасць.

Ход рэформы. Мерапрыемствы:

Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі павялічылася на 79% (план 70%). Агульны аб'ём капіталаўкладанняў склаў 10,8 млрд. руб. (больш чым за шостую і сёмую пяцігодкі).

Уведзена 78 буйных прамысловых прадпрыемстваў (электралямпавы завод у Брэсце, маторарамонтны ў Гомелі, фабрыка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэткавы камбінат у Брэсце, баваўняна-прадзільная фабрыка ў Гродна, малочныя заводы ў Бабруйску і Гродна, мясакамбінат у Барысаве).

Хуткае развіццё хімічнай і нафтахімічнай (у 2,3 раза), а таксама паліўнай галіны (у 1,8 раза).

Праходзіла рэканструкцыя і мадэрнізацыя абсталявання фабрык і заводаў, аснашчэнне іх аўтаматычнымі і механізаванымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.

Вынік: у першыя гады рэформы эканоміка станоўча адрэагавала на мерапрыемствы ўрада. Але паступова палітычная сітуацыя мянялася, згортваліся дэмакратычныя працэсы ў грамадстве, адначасова згортвалася і эканамічная рэформа. Гэта прывяло да стагнацыі, застою, а потым да самога крызісу.


3 Развіццё сацыяльнай сферы. Рост дабрабыту беларусаў у 60-я гг.


На працягу 50-60-х гг. значны эканамічны ўздым суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця беларускага народа і высокімі тэмпамі развіцця сацыяльнай сферы. Узрос нацыянальны даход – як вынік – вырасла доля, якая выдзялялася на задавальненне матэрыяльных і культурных патрэб асобы. Павышэнне дабрабыту адбывалася ў формах:

- павышэнне рэальных даходаў насельніцтва;

- удасканальванне сацыяльнага забеспячэння;

- развіццё гандлю і бытавога абслугоўвання;

- паскарэнне жыллёвага будаўніцтва;

- паляпшэнне аховы здароўя.

Мерапрыемствы:

1 сакавіка 1951 г. было праведзена чацвёртае за пасляваенныя гады масавае зніжэнне рознічных цэн, у выніку якога толькі за 1951 г. насельніцтва дадаткова атрымала 43,5 млрд. руб. (у цэнах таго часу). Зніжэнні рознічных цэн працягваліся. У 1956 г., у 1957 г., у 1958 г. у 1962 г., у 1965 г. на асобныя віды тавараў.

Вырасла зарплата рабочых і служачых на 44,5%, інжынерна-тэхнічных работнікаў на 25,7%, служачых на 32,9% (з 1953 па 1964 г.). У 1957 г. працоўны дзень скарочаны на 2 гадзіны ў перадсвяточныя і пераднядзельныя дні (фактычна зарплата павялічылася на 12,5%). У 1964 г. павышана зарплата (на 25-30%) працаўнікам сацыяльнай сферы (600 тыс. работнікаў адукацыі, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання). Адбывалася паступовае скарачэнне разрыву паміж максімальным і мінімальным узроўнем зарплаты. Але яно но прывяло да ўраўнілаўкі ў аплаце працы і падзення прэстыжу прафесіі інжынера і настаўніка, урача і вучонага.

Змены ў падатковай сістэме: сістэматычныя змяньшэнні падаткаў з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату з калгаснікаў. Адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных. З 1957 г. была адменена абавязковая падпіска на дзяржаўныя займы.

У 1957 г. у краіне быў уведзены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існуючага ўзроўню зарплаты.

Адбываўся рост грамадскіх фондаў спажывання. Дзяржава аплочвала 2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, медыцынскае абслугоўванне і культурную сферу і г.д. Выплаты з гэтых фондаў падвоіліся (з 1958 па 1967 г.) і склалі на аднаго чалавека 175 руб.

Раслі рэальныя даходы калгаснікаў. З 1950 па 1958 г. грашовыя і натуральныя даходы калгаснікаў выраслі на 85%. За 1959-1965 гг. грашовыя даходы на калгасную сям'ю ў рэспубліцы ўзраслі яшчэ амаль у 2,4 раза.

14 чэрвеня 1956 г. новы пенсійны закон павялічыў памеры пенсій і пашырыў кола асоб, якія сталі мець права на пенсію. Мінімальны памер пенсіі – 30 руб., максімальны – 120 руб. Расходы на выплаты пенсій выраслі у два разы. У 1965 г. быў прыняты закон аб пенсіях калгаснікам (гэта 500 тыс. чалавек), мінімальны памер – 12 руб., максімальны – 102 руб. 1967 г. – Указ ВС СССР "Аб далейшым паляпшэнні пенсійнага забеспячэння", яшчэ 250 тыс. працоўных сталі атрымоўваць павышаныя ці звычайныя пенсіі.

Хуткае развіццё ў 50-60-я гг. сферы абслуговання (гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі, жыллёва-камунальная гаспадарка, ахова здароўя, турызм, спорт, адукацыя і г.д). Рознічны тавараабарот дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю рэспублікі за 1951-1958 гг. павялічыўся у 2 разы (склаў 1,8 млрд. руб), за 60-я гг. у 5 разоў. Спажыванне агародніны і садавіны ўзрасло ў 3,4 раза, малака і малочных прадуктаў на 40%, мяса на 50%, рыбы на 90%. У 1965 г. у рэспубліцы працавала 22.879 магазінаў і 5.874 прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Бытавое абслугоўванне. 6 сакавіка 1957 г. – пастанова "Аб паляпшэнні бытавога абслугоўвання насельніцтва". 1960 г. – у рэспубліцы 4.500 майстэрань, цэхаў і атэлье бытавога абслугоўвання (паслуг на 28 млн руб.). У канцы 60-х гг. – 8063 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.

Жыллёва-камунальнае будаўніцтва. Ліпень 1957 г. – пастанова ўраду СССР, лістапад – ураду БССР аб паскарэнні жыллёвага будаўніцтва. Мэта – шырокае таннае будаўніцтва (4-5 павярховыя дамы з мінімумам камунікацый). 1956 г. – уведзена ў эксплуатацыю 953 тыс. м2, у 1958 г. – больш 1,8 млн м2, за 1959-1965 гг. пабудавана 15,6 млн м2.

Ахова здароўя. У 1958 г. выдаткавана 112,9 млн. руб. (у 2 разы больш за 1950 г.). У 1965 г. выдаткавана 213,5 млн. руб. (на кожнага жыхара 29 руб.).

Змяненні ў сацыяльнай палітыцы мелі станоўчыя вынікі:

- павелічэнне працягласці жыцця (73 гады), памяншэнне смяротнасці, павышэнне прыросту насельніцтва (11 на 1000);

- памяньшэнне сацыяльнай напружанасці, бо задавальняліся не толькі мінімальныя мінімальныя патрэбы людзей, вырашалася жыллевае пытанне;

- калгаснае насельніцтва было ўключана ў асноўныя мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльнага становішча насельніцтва рэспублікі.

Разам з тым гэта быў супярэчлівы перыяд. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі і рэфарматарства 50-х гг. саступілі месца кансерватыўным эканамічным поглядам, якія прывялі гаспадарку краіны да стагнацыі, застою і цяжкага эканамічнага крызісу.


4 Супярэчнасці развіцця прамысловасці, транспарту, сувязі ў 70-я – першай палове 80-х гг. Нарастанне крызісных з’яў


Пачатак 70-х гг. – згортванне гаспадарчай рэформы. Аднак планы дзевятай (1971-1975), дзесятай (1976-1980) і адзінаццатай (1981-1985) пяцігодак выконваліся.

Задачы: забяспечыць уздым матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця; забяспечыць высокія тэмпы развіцця сацыялістычнай вытворчасці; павышаць эфектыўнасць вытворчасці, навукова-тэхнічнага прагрэсу; паскорыць рост прадукцыйнасці працы; палепшыць якасць тавараў; перавесці эканоміку на інтэнсіўны шлях развіцця; рацыянальна выкарыстоўваць вытворчы патэнцыял; эканоміць усе віды рэсурсаў. Метады: адштурхоўваліся эканамічныя метады кіраўніцтва, рыначныя механізмы; умацаванне адміністрацыйна-камандных метадаў, выбраны экстэнсіўны шлях развіцця гаспадаркі (БАМ, асваенне Заходняй Сібіры). Вынік: тармажэнне ў выкананні дзевятага, дзесятага і адзінаццатага пяцігадовых планаў, а потым застой ў развіцці эканомікі. Гэта дало падставы характарызаваць 70-я – першую палову 80-х гг. як перыяд "застою".

Перыяд "застою"

Асноўныя прыкметы:

Сярэдні прырост прадукцыі прамысловасці СССР у дзевятай пяцігодцы складаў 5,1%, у дзесятай 3,8%, у адзінадцатай 3,1%. У 1982 г. прырост рэальных даходаў на душу насельніцтва ў краіне знізіўся да неадчувальнай велічыні 0,1%.

Капіталаўкладанні ў народную гаспадарку Беларусі за 1970-1985 гг. склалі 68 млрд. руб. Уведзены 170 прадпрыемстваў (шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, металургічны у Жлобіне, сінтэтычных валокнаў у Гродна, інструментальны ў Оршы, чацвёрты калійны камбінат у Салігорску, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці).

Расла вытворчасць прадукцыі галін прамысловасці, якія вызначаюць навукова-тэхнічную рэвалюцыю (прыборабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі). Удзельная вага прыборабудавання ў агульным аб'ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970-1980 гг. узрасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай з 11,3% да 25%.

Ажыццяўляліся агульнасаюзныя комплексныя праграмы на тэхнічным перааснашчэнні прамысловасці. У 1971 г. на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю было пераведзена 151 прадпрыемства і 1.426 вытворчасцяў, цэхаў і ўчасткаў, у 1985 г. адпаведна 227 і 4.100 (у рэспубліцы налічвалася 8.131 механізаваная і 1.749 аўтаматызаваных ліній).

Але – механізаванай працай занята 15% рабочых. Удзельная вага ручной працы ў прамысловасці складала 35-40%, у будаўніцтве – 50-55%, у сельскай гаспадарцы – 60-70%.

У 1971-1985 гг. было выкарыстана каля 2 млн. вынаходніцтваў і рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі эканомію ў 254,1 млн. руб.

Прадукцыя прамысловасці Беларусі ў 1985 г. павялічылася больш чым у 3 разы (ад 1970 г.), – вытворчасць сродкаў вытворчасці ў 3,3, прадметаў спажывання ў 2,6 раза. Валавы грамадскі прадукт і нацыянальны даход узрос у 2,5 раза (адны з самых высокіх паказчыкаў у СССР).

Большая частка перавозак ажыццёўлена чыгуначным транспартам (52% грузаабароту і 40% пасажыраў). Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах. Гарадскі транспарт: здадзены першая лінія трамвая ў Наваполацку, тралейбусныя лініі ў Брэсце, Віцебску і Бабруйску. У 1984 г. была здадзена ў эксплуатацыю першая чарга Мінскага метрапалітэна. Аўтамабільны транспарт. За 1970-1985 гг. грузаабарот павялічыўся ў 2 разы, пасажыраў перавезена 6 млрд. чалавек. Грузаабарот і перавозкі пасажыраў рачным і паветраным транспартам рэспублікі ўзраслі адпаведна ў 2,5 і 3 разы. Хутка развіваўся трубаправодны транспарт. Увайшлі ў строй газаправод Таржок-Івацэвічы, шэраг нафтаправодаў. Агульная працягласць трубаправоднага транспарта Беларусі з 2 тыс. км у 1970 г. узрасла да 3 тыс. км у 1985 г.

У 1970 г. працавала 3.735 прадпрыемстаў пошты, тэлеграфа і тэлефона, у 1985 г. – 4.468 (сума паслуг адпаведна 121,8 млн. руб. і 297,8 млн. руб.). Праводзілася тэлефанізацыя вёскі: у 1970 г. 52,7 тыс. тэлефонаў, у 1985 г. 238,2 тыс. У 1974 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач з Масквы і Мінска.

Фінансавая сістэма заставалася стабільнай. У дзяржаўным бюджэце БССР даходы склалі 3,5 млрд. руб. у 1970 г. і 8,1 млрд. руб. у 1985 г.; выдаткі 3,3 млрд. руб. у 1970 г. і 7,67 млрд. руб. у 1985 г. (даходная частка бюджэту перавышала расходную).

У 70-я гг. у 10 разоў выраслі сусветныя цэны на нафту. Атрымана 180 млрд. "нафтадолараў". Яны накіраваны не на пераўзбраенне прамысловасці, а на вырашэнне палітычных мэтаў за межамі СССР.

Разам з відавочнымі поспехамі трэба адзначыць, што эканоміка страціла былы дынамізм. Асабліва бычна гэта было ў параўнанні з краінамі Захаду, яны далёка выйшлі наперад.

Асноўныя прычыны зніжэння тэмпаў росту эканомікі

Архаічнасць гаспадарчага механізму, што склаўся яшчэ ў гады першых пяцігодак (манаполія дзяржаўнай уласнасці, дырэктыўныя метады кіравання, жорсткая рэгламентацыя дзейнасці прадпрыемстваў).

Адчужэнне працаўніка ад сродкаў вытворчасці, працы і размеркавання вынікаў гэтай працы (адносіны да дзяржаўнай уласнасці як да чужой).

Палітычная сітуацыя ў краіне (канцэнтраванне ўлады ў руках вузкай і некампетэнтнай групы з вышэйшых партыйных і дзяржаўных чыноўнікаў, паглыбленне сацыяльнай несправядлівасці, палітычныя праследаванні).

Нежаданне палітычнага кіраўніцтва краіны праводзіць радыкальнае рэфармаванне формаў і метадаў гаспадарання.

Існуючы гаспадарчы механізм стаў тормазам на шляху эканамічнага развіцця краіны, што абумовіла паступовае ўпаўзанне савецкай эканомікі ў глыбокі крызіс.

Спробу выпраўлення эканамічнага становішча зрабіў Ю.У.Андропаў (12 лістапада 1982 г. узначаліў палітычнае кіраўніцтва СССР пасля смерці Л.І.Брэжнева).

Мерапрыемствы:

- рэалістычная ацэнка стану эканомікі;

- жорсткія адміністрацыйныя меры па навядзенні парадку і выкараненні карупцыі;

- перагляд некаторых ідэалагічных догмаў;

- меры па паскарэнні і інтэнсіфікацыі вытворчасці;

- вырашэнне пытанняў аб пашырэнні самастойнасці прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў.

Вынікі: у 1983 г. тэмпы развіцця эканамікі складалі 4,2 % (1981-1982 гг. 1,1%). Набліжэнне крызісу было некалькі замаруджана. Пасля смерці Ю.У.Андропава (1984 г.) кіраўніцтва вярнулася да ранейшых парадкаў. Эканамічныя паказчыкі зноў знізіліся.


5 Сельская гаспадарка Беларусі ў 70-я – першай палове 80-х гг. Абвастрэнне харчовай праблемы


Агульны стан: у азначаны перыяд гэта самая слабая галіна эканомікі. 1972, 1974, 1975, 1979, 1980, 1981, 1984 – былі неўраджайнымі.

Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Трактараў – 81,6 тыс. у 1970 г. і 131,2 тыс. у 1985 г.; грузавых аўтамабіляў 51,4 тыс. у 1970 г. і 87,8 тыс. у 1985 г. У сярэдзіне 70-х гг. на кожны калгас і саўгас Беларусі прыпадала 26 трактараў і 15 камбайнаў.

Энергаўзброенасць сельскай гаспадаркі. Электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і населеныя пункты рэспублікі з колькасцю двароў больш за 10, спажывалася ў год 46 млрд. кВт-гадз. электраэнергіі (у 36 разоў больш за 1960 г.).

На 1970 г. пастаўлена 3,6 млн. т мінеральных удабрэнняў, на 1985 г. 7,3 млн. т (на 1 га – 1,2 т у 1970 г. і 1,5 т у 1985 г.). Дадаткова ўведзена 2,3 тыс. га асушаных і арашаемых зямель, на 3 тыс. га праведзены культуратэхнічныя работы.

Капіталаўкладанні. У 1971-1975 гг. 6,5 млрд руб., на 1981-1985 гг. 9,7 млрд руб. С\г была ў адносінах да капіталаўкладанняў адной з прыярытэтных галін народнай гаспадаркі.

Большасць калгасаў і саўгасаў былі стратнымі. Тэмпы развіцця замаруджваліся (прырост валавай прадукцыі с/г Беларусі 14% у дзевятай, 10,7% у дзесятай, 10,8% у адзінаццатай пяцігодках).

Павышаны закупачныя цэны (у 1970 г. на 25 %, у 1979 г. на 12%, у 1983 на 16%). Адначасова цэны на с/г тэхніку выраслі ў 2-5 разоў.

Ліквідаваны абмежаванні на ўтрыманне хатняй жывёлы, калгаснікам выдаваліся крэдыты для ўладкавання асабістых гаспадарак. Адначасова – масавыя ўцёкі з вёскі моладзі. Колькасць сельскага насельніцтва Беларусі зменшылася з 5 млн. у 1970 г. да 3,7 млн. чалавек у 1986 г.

С/г Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, льну-даўгунцу, цукровых буракоў. Уводзяцца буйныя механізаваныя фермы і комплексы, дзе ўтрымлівалася па некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя сельскагаспадарчыя аб'яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака, яек і воўны (канцэнтрацыя с/г Беларусі).

Рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі апераджаў агульны рост у с/г. У 1970 г. валавая прадукцыя жывёлагадоўлі склала 3.017 тыс. руб., у 1985 г. 4.422 тыс. руб. (у птушкагадоўлі на 1970 г. было атрымана 0,6 млн. яек, на 1985 г. 1,9 млн. штук). Вынік – павялічэнне дыспрапорцыі паміж галінамі с/г.

Памяншалася колькасць калгасаў у Беларусі з 2206 у 1970 г. да 1715 у 1985 г. – павялічылася колькасць саўгасаў, міжгаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (пераход гаспадарак з калгасна-кааператыўнай формы маёмасці на дзяржаўную).

Пачатак 80-х гг. – крызіснае становішча. Ураджайнасць не расла (за 15 гадоў рост на 600 кг да 16 ц/га). Вялікія страты прадукцыі: збожжа 20%, бульбы 49%, гародніны 33%.

Харчовая праблема

За 1970-1987 гг. імпарт мяса і мясапрадуктаў узрос у 5,2 раза, рыбы і рыбапрадуктаў у 12,4 раза, алею - ў 12,8, збожжа - ў 13,8, масла сметанкавага - ў 18,3 раза. Агульны кошт імпарту харчавання ў СССР павялічыўся ў 6 разоў і дасягнуў 10 млрд. руб. (параўнайце з дзяржбюджэтам БССР на тыя часы).

Шляхі вырашэння праблемы:

- Умацаванне сувязей с/г з галінамі па вытворчасці прадуктаў харчавання, стварэнне вытворчых аб'яднанняў з удзелам калгасаў, саўгасаў, харчовай прамысловасці, навукова-даследчых лабараторый (з 1977 г.).

- Стварэнне Аграрна-прамысловага комплексу (у БССР – “Белаграпрам”), прыняцце Харчовай праграмы СССР на перыяд да 1990 года (у маі 1982 г.). АПК аб'ядноўваў у межах рэгіёну калгасы, саўгасы, прадпрыемствы якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую прадукцыю, таксама прадпрыемствы машынабудаўнічай і хімічнай вытворчасці, што працавалі на с/г. Харчовая праграма не планавала карэннай перабудовы гаспадарчага механізму на вёсцы, была правалена. У сярэдзіне 80-х гг. было ўведзена нармаванае забеспячэнне па шэрагу прадуктаў.

Гэтая палітыка не змагла вырашыць дзвюх праблем с/г – адчуджэнне селяніна ад зямлі і вынікаў сваёй працы. Аграрная палітыка ў 1981-1985 гг. была, як і раней, накіравана на максімальнае адыманне прыбавачнага прадукту і садзейнічала росту затрат.


6 Сацыяльная палітыка ў 70-я – першай палове 80-х гг., неабходнасць рэформ


Эканамічныя цяжкасці адбіваліся на ўзроўні дабрабыту насельніцтва і сацыяльнай палітыкцы. Галоўныя прыкметы развіцця сацыяльнай сферы:

- 70-я гг. – у вытворчых галінах народнай гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. Заработная плата рабочых і служачых БССР павысілася на 63% і склала 173 руб, у месяц (па СССР – 190 руб. Аплата працы калгаснікаў вырасла ў 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР – 153 руб.). Але рэальная (фактычная) зарплата не павышалася: а зніжалася. Зніжалася доля фонду зарплаты ў нацыянальным даходзе. Наглядаліся ўраўняльныя тэндэнцыі ў аплаце працы.

- Забеспячэнне насельніцтва выплатамі і льготамі за кошт грамадскіх фондаў спажывання вырасла ў 2,5 раза (на 1985 г. - 5 млрд руб.). Гэта пенсіі, дапамогі і стыпендыі, бясплатная адукацыя, ахова здароўя, культурнае і бытавое абслугоўванне. Быў павышаны мінімальны памер пенсіі рабочых і служачых (у 1980 г. другі раз). У 1971 г. для калгаснікаў быў устаноўлены такі ж парадак вылічэння, як і для рабочых і служачых.

- У 1975 г. былі ўведзены дадатковыя льготы інвалідам ВАв і сем'ям загінуўшых ваеннаслужачых, устаноўлена 100% аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам, павялічана колькасць аплатных дзён па догляду за хворым дзіцем. У другой палове 70-х гг. была павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II груп, палепшаны матэрыяльна-бытавыя ўмовы ўдзельнікаў ВАв.

- Павялічылася пакупная здольнасць насельніцтва. Рознічны тавараабарот з 1970 г. да 1985 г. павялічыўся ў 2 разы (да 12 млрд. руб.). Пры гэтым разам з канцэнтрацыяй гандлю, стварэннем буйных універсальных і спецыялізаваных магазінаў, камбінатаў харчавання, гандлёвых цэнтраў у мікрараёнах гарадоў і раённых цэнтрах разгортвалася сетка невялікіх гандлёвык кропак.

- Інфляцыя праявіліся на рубяжы 80-х гг. Вынік: істотна павышаны рознічныя цэны на шэраг прэстыжных тавараў (ювелірныя вырабы, крышталь, дываны і інш.), і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, будаўнічыя матэрыялы, многія гаспадарчыя тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Узраслі тарыфы на паслугі сувязі, бытавыя і іншыя камунальныя паслугі.

- Узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовай масы, апярэджвала вытворчасць тавараў спажывання. Паступова нарастала незбалансаванасць рынку. Па ўзроўні спажывання СССР у 1985 г. займаў толькі 77-е месца ў свеце. Вынік: узрастала сацыяльная дыферэнцыяцыя, заснаваная на ступені доступу да дэфіцыту. Уводзіліся прывілеі для партыйна-дзяржаўнага апарату, што абвастрала сацыяльную напружанасць у грамадстве.

- Жыллёвая праблема. За гады адзінаццатай пяцігодкі наваселле справілі 2.024 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар рэспублікі. Тэмпы ўводу жылля не паспявалі за ростам гарадскога насельніцтва. Недахоп кватэр выклікаў дэфіцыт рабочых, высокую цякучасць кадраў (вытворчыя магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся).

- Ахова здароўя. Працягласць жыцця з 1971 г. перастала павялічвацца (у 1985 г. ніжэй, чым у 1958 г., 35 месца ў свеце). З 1970 г. пачала ўзрастаць дзіцячая смяротнасць (50-е месца ў свеце). Прычыны: рэшткавы прынцып выдзялення рэсурсаў (устарэла матэрыяльна-тэхнічная база).

- У разглядаемы перыяд эканамічнае развіццё Беларусі ішло супярэчліва. 3 аднаго боку, узрос эканамічны патэнцыял. Эканоміка Беларусі развівалася больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з агульнасаюзнай. Узрос дабрабыт народа. 3 другога боку, нарасталі цяжкасці, супярэчнасці у эканамічным і сацыяльным развіцці краіны. Знізіліся тэмпы развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі. У пачатку 80-х гг. савецкае грамадства апынулася на парозе крызісу. Карэнная перабудова грамадства станавілася аб'ектыўнай неабходнасцю.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.

2. З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі - Мн., 1990-е гг.

3. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 частках - Мінск, 1994, 1995.

4. В.І. Галубовіч Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча - Мінск, 1996.

5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

6. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В.- Мінск, 1994.

Нравится материал? Поддержи автора!

Ещё документы из категории история:

X Код для использования на сайте:
Ширина блока px

Скопируйте этот код и вставьте себе на сайт

X

Чтобы скачать документ, порекомендуйте, пожалуйста, его своим друзьям в любой соц. сети.

После чего кнопка «СКАЧАТЬ» станет доступной!

Кнопочки находятся чуть ниже. Спасибо!

Кнопки:

Скачать документ