Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў

1


ЗМЕСТ


УВЯДЗЕННЕ 3

1. ГІСТАРЫЧНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ І ПАЧАТАК ПАЎСТАННЯ1863-1864г. 5

2. КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ – КІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ 12

3. НАСТУПСТВЫ ПАЎСТАННЯ ДЛЯ ЯГО ЎДЗЕЛЬНІКАЎ І ІНШЫХ ЖЫХАРОЎ БЕЛАРУСІ 16

ЗАКЛЮЧЭННЕ 23

СПІС ЛІТАРАТУРЫ 25

УВЯДЗЕННЕ


Актуальнасть тэмы курсавой работы. Палітычная мадэрнізацыя краін Заходняй Еўропы была звязана з ліквідацыяй абсалютызму і переходам ўлады да новых сацыяльных груп насельніцтва. Гэтыя групы валодалі сродкамі індустрыяльнай вытворчасці. Гэты пераход адбываўся двума шляхамі. Першы шлях быў звязаны з палітычнымі рэформамі ў галіне дзяржаўнага кіравання і ўлады. Другі шлях быў абумоўлены сацыяльнымі рэвалюцэямі, дзякуючы якім палітычная ўлада пераходзіла ад пануючыхфеадальных груп да палітычных эліт новага тыпу.

Палітычная мадэрнізацыя краін Заходняй Еўропы ахапіла грамадскую ідэалогію. Змены ў ідэалогіі былі звязаны з фарміраваннем палітычных арганізацый і рухаў.

У ХІХ ст. узніклі ліберальныя партыі, якія паклалі лібералізм у аснову сваей дзейнасці. У палітыцы лібералізм абпіраўся на прынцыпы падзелу ўлад, выбарнасць усіх дзяржауных структур і правы чалавека. У эканоміцы лібералы стварылі сістэму абароны прыватнай уласнасці і свабоднага прадпрымальніцтва, рынку і канкурэнцыі. У сацыяльнай сферы лібералы прытрымліваліся прынцыпу «роўных магчымасцяў» пры поўнай адказнасці асобы за прымаемыя рашэнні. Палітычныя мадэрнізацыя краін Заходняй Еўропы завяршылася пераходам да палітычнай сістэмы, заснаванай на выбарах.

Гэтыя пераўтварэнні ў свеце не маглі не закрануць Беларусь. Так, у канцы 50–х гадоў ХІХ ст. самадзяржаўе прыйшло да трывалай высновы – далейшае развіцце краіны немагчыма без правядзення шэрагаў рэформ.

Галоўнай рэформай была аграрная ці сялянская рэформа 1861 г. Сутнасць аграрнай рэформы заключалася ў тым, колькі зямлі і на якіх ўмовах атрымлівалі сяляне і колькі зямлі заставалася за памешчыкамі. Урад найперш клапаціўся аб памешчыках, таму закон прадугледжваў толькі абмежаванае надзяленне сялянства зямлей. Зямлю сяляне павінны былі набываць за грошы і ў абавязковым парадку. Якасць зямлі і яе кошт вызначалі памешчыкі.

Сяляне плацілі за 1 дзесяціну каля 30 – 32 рублёў, у той час як на рынку 1 дзесяціна каштавала 10 – 12 рублёў. Грошай у сялян не было. Таму яны павінны былі заплаціць памешчыку толькі 20% ад агульнага кошту зямлі, а 80% складала запазычаннасць, якую пакрывала дзяржава каштоўнымі паперамі; пасля гэтага сяляне павінны былі разлічавацца з дзяржавай на працягу 49 гадоў.

Другая асаблівасць рэформы была ў тым, што сяляне маглі набыць зямлю ва ўласнасць толькі праз 9 гадоў. Гэты перыяд атрымаў назву «часоваабавязанага», калі сяляне яшчэ працавалі на памешчыка ад 30 да 40 дзён на год.

Несправядлівасць аграрнай рэформы выклікала шырокі сялянскі незадавол. Сялянства хвалявалася, адмаўлялася падпісваць устаўныя граматы, уздымалася на адкрытую барацьбу з памешчыкамі. Палітычнае становішча ў Расіі рэзка ўскладнілася. У гэтых умовах у Польшчы, Літве і Беларусі пачаў разгортвацца нацыянальна-вызваленчы рух, накіраваны супраць рэшткаў прыгону, супраць самадзяржаўя, за правы чалавека і грамадзяніна.

Тэма курсавой работы: «Паўстанне 1863-1864 гг. у Беларусі. Кастусь Каліноўскі».

У курсавой рабоце даследуюцца перадумовы, ход і вынікі паўстання 1863-64 гг. на Беларусі, а таксама аналізуюцца дзейнасць, учынкі і характар адной з ключавых асобаў народнага руху – Кастуся Каліноўскага.

Мэта даследавання заключаецца ў тым, каб на базе атрыманых ведаў правільна і аб’ектыўна раскрыць сутнасць курсавой работы.

Задачы даследавання вызначаюцца мэтай, а менавіта:

- пазнаеміцца з палітычным становішчам у свеце і непасрэдна ў Беларусі напярэдадні паўстання;

- прасачыць за ходам падрыхтоўкі да яго;

- вызначыць асобаў, якія найбольш паўпрлывалі на ход паўстання;

- ахарактэрызаваць вынікі народнай барацьбы на Беларусі.

Характэрыстыка літаратурных крыніц для напісання курсавой работы. У аснову работы пакладзены, па-першае, падручнікі па гісторыі Беларусі, у якіх грунтоўна апісваецца тэма паўстання 1863-1864 гг., па-другое, біяграфічныя матэрыялы з жыцця Кастуся Каліноўскага. Для больш грунтоўнага даследавання тэмы выкарыстоўваліся матэрыялы з перыядычных выданняў.

Курсавая работа ўключае: тытульны ліст, змест, увядзенне, тры разделы, заключэнне, спіс літаратуры. Курсавая работа выканана на 25 старонках кампьтэрнага тэксту.

1. ГІСТАРЫЧНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ І ПАЧАТАК ПАЎСТАННЯ1863-1864г.


Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў Еўропе на рубяжы 50 — 60-х гадоў не мінуў Каралеўства Польскага, а таксама закрануў і тэрыторыю Беларусі. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль што самым вострым было польскае пытанне. 3 часоў падзелу Рэчы Паспалітай польскі патрыятычны рух не даваў спакою расійскім уладам, якія то бізуном, то пернікам спрабавалі зняць напал супраціўлення [6. с. 67].

Пасля даволі жорсткай антыпольскай палітыкі Мікалая I, выкліканай паўстаннем 1830 - 1831 гг., урад Аляксандра II палічыў патрэбным зрабіць некаторыя ўступкі палякам. Было адменена ваеннае становішча, частка сасланых паўстанцаў вернута з Сібіры. Дазволена заснаваць у Варшаве "Земляробчае таварыства" для вывучэння сялянскага пытання. Аднак прынятыя меры не аслабілі, а, наадварот, узмацнілі антырускія настроі сярод грамадства. У 1858 г. у Вільні пры падтрымцы генерал-губернатара В.І.Назімава быў адчынены Музей старажытнасцей, які адразу ж стаў духоўным асяродкам ваяўнічага паланафільства. Пачала адкрыта прапагандавацца барацьба супраць рускага ўрада, распаўсюджвацца рэвалюцыйная літаратура.

Такім чынам, 50-я гады ХІХ стагоддзя адзначаны новым вітком нарастання рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расіі. У той час, калі ў многіх заходнееўрапейскіх краінах шпаркімі тэмпамі ішло развіццё капіталістычных адносінаў, Расійская імперыя заставалася напаўфеадальнай абсалютысцкай дзяржавай. Асноўны перажытак феадалізму, прыгонніцтва было тормазам развіцця эканомікі, не кажучы ўжо пра маральна-этычны бок гэтай формы рабства.

Абвастралася нацыянальнае пытанне. Асабліва гэта датычылася новадалучаных тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Патрыятычныя колы насельніцтва Польшчы, Беларусі і Літвы раней ужо двойчы (1794 і 1830) узнімалі антырасійскія паўстанні, аднак яны былі шляхецкімі па характары, асноўны ўпор у іх рабіўся менавіта на дваранства, якое нават імкнулася не дапусціць да барацьбы шырокія колы народных мас, баючыся, што зброя можа быць павернута не толькі супраць "маскоўскіх" улад, але і супраць іх саміх. Ды і ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай асабліва не выклікала станоўчых эмоцый у большасці няпольскага насельніцтва.

Аднак, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя з'явілася новая хваля барацьбітоў - рэвалюцыйныя дэмакраты. У іх ліку былі прадстаўнікі дробнай (найчасцей - беззямельнай) шляхты, ніжэйшых слаёў чынавенства й святарства, а таксама прадстаўнікі разначыннай інтэллігенцыі. Асноўную сваю задачу рэвалюцыянеры-дэмакраты бачылі ў звяржэнні самадзяржаўя і усталяванні народаўладдзя, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання і, адпаведна, перадачы зямлі сялянам. Для народаў Расіі прадугледжвалася права на самавызначэнне. На такіх пазіцыях стаяла расійская рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя "Зямля і воля", пад уплыў якой траплялі многія студэнты, выхадцы з Беларусі, Польшчы, Літвы, што прыязджалі вучыцца ў Пецярбург.

Спроба царскага ўрада зняць напружанне сялянскай рэформай 1861 года поўнасцю не вырашыла аграрнага пытання. Умовы вызвалення ад прыгонніцтва, захаванне эканамічнай залежнасці ад памешчыкаў, выклікала хвалю незадавальнення сялянства. Краіна стаяла на парозе шырокай народнай вайны супраць прыгнятальнікаў.

Непасрэдным штуршком да падрыхтоўкі новага нацыянальна-вызваленчага паўстання стаў расстрэл царскімі войскамі патрыятычнай дэманстрацыі ў Варшаве у 1861 годзе. Увосень таго ж года разнастайныя рэвалюцыйныя групоўкі былі аб'яднаны ў адзіны Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 годзе ў Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). За кароткі час удалося стварыць разгалінаваную сетку паўстанцкіх арганізацый. Збіраліся сродкі і каштоўнасці на патрэбы паўстання, набывалася зброя і вайсковая амуніцыя, вялася агітацыя. На тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага падрыхтоўкай паўстання займаўся Камітэт руху, трансфармаваны ў 1862 годзе ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). З'яўленне ў назве віленскага рэвалюцыйнага цэнтра прыметніка "правінцыяльны" дае падставу меркаваць, што Варшаве ў нейкай ступені ўдалося падначаліць сабе віленцаў. Але, як пакажа час, падпарадкаванне гэтае не было трывалым, і між ЦНК і ЛПК рэгулярна ўзнікалі канфлікты на глебе стасункаў паміж імі. Дастаткова прыгадаць вострыя спрэчкі з-за беластоцкай арганізацыі, якую Варшава ўвосень 1862 г. самаўпраўна далучыла да сабе [7. с. 98].

Патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў, прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву "чырвоныя". Фактычна яны ўяўлялі сабой шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі рэвалюцыянізаваная дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Праціўнікаў паўстання называлі "белымі". Гэта былі пераважна памешчыкі з "Земляробчага таварыства", сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі.

Узрастанне нацыянальных настрояў у канцы 50-х гадоў адбывалася ва ўмовах складвання рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расійскай імперыі напярэдадні адмены прыгоннага права. Таму сялянскае пытанне заняло не апошняе месца ў праграмах польскіх патрыётаў, самыя радыкальныя з якіх знаходзіліся пад уплывам ідэй Герцэна, Дабралюбава, Чарнышэўскага. Яшчэ з 1858 г. у Пецярбургу існаваў гурток палякаў – слухачоў вайсковых акадэмій і афіцераў. Ім кіравалі сябры Т.Шаўчэнкі і М.Чарнышэўскага Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Яны былі прыхільнікамі саюзу паміж рэвалюцыянерамі Полыпчы і Расіі, спалучэння нацыянальнага паўстання з сацыяльным пераваротам, з вырашэннем аграрнага пытання на карысць сялян.

Аднак сярод "чырвоных" не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэт. Яны падзяляліся на правых – памяркоўных і левых – прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Правыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфіскацыі ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя ж разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з рускімі рэвалюцыянерамі. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

"Белыя" былі адназначна супраць паўстання, не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Яны хацелі дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г., выкарыстоўваючы націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады.

Праграма "чырвоных"-радыкалаў была сугучнай з пазіцыяй расійскай "Зямлі і волі", досыць яскрава вызначанай у лісце выдаўцоў "Колокола" "Русским офицерам в Польше": "Зямля сялянам, самастойнасць абласцям - на гэтай падставе, і толькі на ёй можа ўстанавіцца дзейсны саюз ваш з польскімі братамі… Скажам разам з палякамі, быць Літве, Беларусі і Украіне з кім яны быць хочуць ці ні з кім, толькі б волю іх уведаць – не падробленую, а сапраўдную".Прыхільнікамі гэтай праграмы былі, у асноўным, выхадцы з земляў былога Вялікага княства Літоўскага. Сярод "чырвоных" былі капітан генеральнага штаба рускай арміі Л.Звяждоўскі, інжынер-паручнік Я.Козел, доктар Б.Длускі, юрысты Э.Вярыга і К.Каліноўскі.

Да лагера “белых” далучаліся, у большасці сваей, буйныя землеўладальнікі, прыхільнікі старых шляхецкіх парадкаў.

Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

У час падрыхтоўкі паўстання віленскі цэнтр імкнуўся супрацоўнічаць з землявольцамі, а таксама польскімі канспіратарамі. Напачатку супрацоўніцтва гэтае было практычна роўным. Але ўлетку 1862 ЦНК зрабіў спробу поўнага падпарадкавання сабе ЛПК. Часова гэта ўдалося. Камісарам ЦНК у Вільні быў прызначаны Н. Дзюлеран. Аднак, з восені таго ж года К. Каліноўскі, прадстаўнік левага (радыкальнага) крыла "чырвоных", які стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта ў кастрычніку 1862, пачаў праводзіць палітыку на дасягненне раўнапраўя ў адносінах паміж Варшавай і Вільняй. І хаця намінальная залежнасць ЛПК ад ЦНК захоўвалася, фактычна, віленскі камітэт кіраваў падрыхтоўкай паўстання самастойна, узгадняючы найбольш важныя пытанні з ЦНК.

Падрыхтоўка да паўстання яшчэ далёка не была завершана, калі ў канцы 1862 года стала вядома аб намеры расійскіх улад правесці ў Польшчы масавы рэкруцкі набор. Каб не дапусціць гэтага, ЦНК прыняў рашэнне аб прызначэнні пачатка паўстання на студзень 1863.

10(22) студзеня 1863 года ЦНК без абавязковага па ранейшай дамоўленасці ўзгаднення з ЛПК абвясціў сябе Часовым Нацыянальным урадам. У Mаніфесце, выдадзеным у той жа дзень, Часовы Нацыянальны урад заклікаў насельніцтва да ўзброенай барацьбы супраць Расійскай імперыі, а таксама прывёў сваю праграму, заснаваную на ідэях памяркоўных "чырвоных", якія ў той час мелі большасць у ЦНК. Згодна з першымі дакументамі паўстання, усе грамадзяне абвяшчаліся роўнымі ў правах, сялянам без выкупу і часоваабавязанага становішча перадавалася ва ўласнасць тая зямля, што яны атрымалі па ўмовах расійскай рэформы 1861 года. За гэтую зямлю памешчыкі павінны былі атрымаць ад дзяржавы грашовыя кампенсацыі. Беззямельным сялянам, што прымуць удзел у выступленнях, было паабяцана як мінімум па 3 моргі (прыкладна 2,13 га) зямлі. 25-гадовае рэкруцтва было заменена на ўсеагульную 3-гадовую вайсковую павіннасць у сваім краі (у мірны час). Падчас жа ваенных дзеянняў усе мусілі станавіцца на абарону айчыны.

Абмежаванасць аграрнай праграмы ЦНК і ігнараванне ім нацыянальных інтарэсаў беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў адыгралі пазней ракавую ролю ў лёсе паўстання.

Члены ЛПК былі вельмі абураны паводзінамі варшаўскага цэнтра. Абвяшчэнне паўстання было для іх нечаканым, "Літва" яшчэ зусім не была гатова да выступлення. На працягу 10 дзён віленскія рэвалюцыянеры вагаліся, як рэагаваць на самадзейнасць Варшавы. Але ўсё ж 20 студзеня (1 лютага) 1863 года ЛПК выдаў Маніфест, у якім абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. Каб не дапусціць расколу ў шэрагах паўстанцаў, віленцы мусілі паўтарыць у сваім дакуменце праграму ЦНК, нягледзячы на тое, што з некаторымі яе палажэннямі нашы рэвалюцыянеры-дэмакраты не згаджаліся.

Паўстанне на Беларусі пачалося. Каліноўскім ад імя Часовага ўрада рассылаліся інструкцыі ніжэйшым кіраўнікам паўстання, у якіх строга рэгламентаваліся іх правы і абавязкі. Асаблівую цікавасць уяўляе "Паўстанцкая інструкцыя", дакладней, апошні яе пункт, якога і блізка не было ў аналагічных дакументах, выдадзеных палякамі: "Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян, для прыкладу, сабраўшы народ, судзіць ваенным судом і караць смерцю, не дапускаючы самавольнай расправы". Гэта сведчыць, што, нягледзячы на знешнюю падпарадкаванасць Каліноўскага Варшаве, ён праводзіў палітыку ў многіх пунктах адрозную ад польскай.

Пачатак паўстання быў нечаканым для царскага камандавання, якое сканцэнтравала войскі ў некалькіх буйных польскіх гарадах. Нягледзячы на гэтыя спрыяльныя ўмовы, рэвалюцыянеры не скарысталі час для папаўнення і ўзбраення сваіх атрадаў. Памылковая абарончая тактыка, недахоп зброі і вайсковай вывучкі, рознагалоссі паміж кіраўніцтвам не дазволілі паўстанцам авалодаць колькі-небудзь значнымі гарадамі і перамагчы праціўніка.

Буйныя землеўласнікі і буржуазія, "белыя", што раней выступалі наогул супраць паўстання, калі яно пачало набіраць моц, вырашылі ўзяць ход барацьбы пад уласны кантроль, каб не дапусціць разгортвання шырокай народнай вайны супраць прыгнятальнікаў. У лютым 1863 адбыўся, так званы, "белы пераварот", калі "белыя", увайшоўшы ў змову з польскім цэнтрам, захапілі ўладу ў віленскай паўстанцкай арганізацыі. 27 лютага быў распушчаны ЛПК. Замест яго буйныя памешчыкі стварылі свой Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале з Я. Гейштарам. Кастусь Каліноўскі быў накіраваны на Гродзеншчыну, на пасаду ваеннага камісара. У сувязі з пераваротам, Каліноўскі напісаў ад імя ЛПК гнеўны Пратэст, у якім гаварылася: "Члены камітэта… …лічаць гібеллю і здрадай рэвалюцыі перадачу кіраўніцтва ў рукі контррэвалюцыянераў…"

Такім чынам, на чале паўстання сталі "белыя", кіраўніцтва якіх часта было пасіўным, а часам нават пераходзіла ў адкрыты сабатаж. Згаворлівыя абшарнікі асабліва і не пярэчылі дамаганням польскага боку. "Літоўскі" рэвалюцыйны цэнтр трапляў ва ўсё большую залежнасць ад Варшавы. Канчаткова пазбавіць Вільню самастойнасці, відаць, было вырашана пераўтварыўшы Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы ў Выканаўчы аддзел на Літве. Падобная метамарфоза адбылася і з аналагічным цэнтрам на Ўкраіне.

Першыя атрады паўстанцаў з'явіліся на тэрыторыі Беларусі з Польшчы ў студзені-лютым 1863 года. Найбольш значным з іх быў атрад Р. Рагінскага, які ў сутычках з урадавымі войскамі дайшоў рэйдам да Слуцкага павета, дзе і быў разбіты. Фарміраванне мясцовых атрадаў пачалося ў сакавіку-красавіку. Многія з іх былі знішчаны карнікамі адразу. Адносны поспех мелі ў пачатку выступлення паўстанцы пад камандаваннем Л. Звяждоўскага, якім удалося з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута заняць у ноч з 23 на 24 красавіка павятовы горад Горкі Магілёўскай губерніі. Аднак яны не сустрэлі падтрымкі ў мясцовых сялян, і неўзабаве атрад Звяждоўскага быў разбіты.

Няроўнасць сіл вымушала паўстанцаў прытрымлівацца партызанскай тактыкі барацьбы. Спадзяванні на замежную дапамогу не спраўдзіліся. Заходнія краіны абмежаваліся толькі дыпламатычнымі нотамі пратэсту. А марскую экспедыцыю, што мелася даставіць да літоўскіх берагоў валанцёраў і зброю з Брытаніі, затрымалі шведскія ўлады. Трагічна скончылася і майская спроба высадзіць паўстанцкі дэсант з парусніка "Эмілія" паблізу Мемеля (Клайпеды).

Агнястрэльнай зброі не ставала, паўстанцы-сяляне амаль усе ваявалі толькі сякерамі ды косамі. Інсургенты нападалі на царскія войскі там, дзе колькасць апошніх не была занадта вялікай, захоплівалі павятовыя касы, адбівалі навабранцаў-рэкрутаў. Але часам адбываліся і буйныя сутычкі паміж варагуючымі бакамі. Найбольш значная – бітва пад Мілавідамі, на Слонімшчыне, што адбылася 22 мая 1863 года. Перамога тады не дасталася нікому. Пасля некалькіх гадзін бою расійскія войскі з вялікімі стратамі мусілі адступіць, а паўстанцы, не чакаючы, пакуль праціўніку прыйдзе падмацаванне, таемна пакінулі свой лагер [2. с. 76].

Самыя радыкальныя з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў: В.Урублеўскі і Ф.Ражанскі ў Гродзенскай губерні, М.Чарняк у Віленскай, З.Серакоўскі і А.Мацкявічус у Ковенскай, А.Трусаў у Мінскай, Л.Звяждоўскі ў Магілёўскай — імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Левыя "чырвоныя" ў ЛПК, асабліва К.Каліноўскі, планавалі пашырыць паўстанне на прыбалтыйскія і рускія губерні. Для гэтага прадугледжвалася стварэнне атрадаў у Латвіі і Эстоніі (З.Серакоўскім), у Віцебскай губерні (О.Грабніцкім і Б.Кульчынскім). 3 мэтай арганізацыі паўстання ў Смаленскай і Маскоўскай губернях з Пецярбурга на дапамогу Л.Звяждоўскаму прыехалі афіцэры І.Будзіловіч і К.Жаброўскі.

Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай - 7%, Магілёўскай - 13, Мінскай -20%. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў – адпаведна 27% і 33%. Для сялян Беларусі былі незразумелыя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Абмежаваная праграма паўстання выключыла магчымасць масавага ўдзелу ў ім сялянства. Афіцыйная прапаганда выстаўляла ўзброеную барацьбу як мяцеж польскіх паноў, якія жадаюць вярнуць стары прыгонніцкі лад. Тое, што "белае" кіраўніцтва паўстаннем складалі памешчыкі, толькі ўпэўнівала сялян у правільнасці расійскай прапаганды. Скасаванне часоваабавязанага становішча і змяншэнне выкупных плацяжоў на 20% яшчэ больш умацавала сялянскую веру ў "цара-бацюхну". Па вёсках, асабліва ў памежных з Расіяй рэгіёнах, ствараліся "сельскія каравулы" з узброеных сялян, якія пад камандаваннем рускіх салдат павінны былі лавіць паўстанцаў.

Сітуацыя ўскладнілася, калі ў сярэдзіне мая на пасаду віленскага генерал-губернатара прыбыў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі М. М. Мураўёў. Былы дзекабрыст, які здрадзіў ранейшым поглядам, чалавек, што прымаў удзел у падаўленні папярэдняга паўстання 1830 года, ён усталяваў у краі становішча масавага тэрору, за што і атрымаў ад сучаснікаў мянушку Вешальніка. Да забароны насіць жалобныя строі дадаліся новыя, яшчэ больш жорсткія пастановы. Мураўёўцы не грэбавалі нічым. Няўгоднаму маглі вельмі проста падкласці зброю ці нейкія іншыя кампраметуючыя рэчы. А далей… Дастаткова было двух сведкаў (на іх мінулае і сумленне ніхто не зважаў), каб ваенны суд мог прыгаварыць любога чалавека да смерці. Па малейшаму падазрэнню ў спачуванні паўстанцам людзей высылалі ў Сібір. Спальваліся за сувязь жыхароў з інсургентамі цэлыя вёскі. Беластоцкі жандарскі штаб-афіцэр С. І. Штэйн у сваім "Донесении… …о сожжении с. Яворовки за активное содействие его жителей повстанцам" пісаў: "…по распоряжению начальника края, жилые дома… …с хозяйственными строениями… …6-го сего августа сожжены до основания, а скот, всё движимое имущество, вместе с жителями доставлены в г. Белосток, где оные… …находятся под арестом, а имущество продаётся с аукционного торга…".

Тыя салдаты імперскай арміі, якіх сумленне пераводзіла на бок паўстанцаў, падлягалі расстрэлу.

Некаторыя акцыі вешальніка проста ўражваюць непрыхаваным цынізмам. Гэтак ёсць звесткі, што на загад "начальніка краю" магілы страчаных паўстанцаў заліваліся вывезеным з віленскіх прыбіральняў гноем, каб не дапусціць правядзення побач маўклівых маніфестацыяў.

У чэрвені пракацілася цэлая хваля арыштаў членаў віленскага паўстанцкага Аддзела. Замены арыштаваным не знаходзілася, і "белыя" былі вымушаны вярнуць у Вільню Каліноўскага.

Каб вярнуць страчаны давер сялянства, ад імя "ронду польскага" быў выдадзены "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", галоўная думка якога зводзілася да таго, што "дзела наша (паўстанне) - не дзела панскае, а справядлівай вольнасці".

Буйныя памешчыкі і вышэйшае каталіцкае духавенства, напалоханыя мураўёўскімі рэпрэсіямі, у чэрвені-ліпені перайшлі на бок афіцыйных улад, што замацоўвалася падпісаннем вернападданніцкіх адрасоў Аляксандру ІІ. Асабліва шчыраваў тут губернскі маршалак шляхты А. Дамейка, што шчыльна супрацоўнічаў з імперскімі ўладамі. Рэвалюцыйны ўрад вынес Дамейку смяротны вырак як здрадніку Айчыны, але замах на яго не ўдаўся. У процівагу вернападданніцкім адрасам інсургенты арганізоўвалі збор подпісаў пад контрадрасамі, плануючы пазней апублікааваць іх у замежным друку. Аднак пазней, паўстанцкае кіраўніцтва само было вымушана дазволіць падпісанне адрасоў Аляксандру ІІ, бо кожнага, хто адмаўляўся паставіць подпіс пад гэтым дакументам маглі аддаць пад суд.

У ліпені "чырвоныя" зноў сталі на чале паўстання. Каліноўскі абвінаваціў варшаўскі цэнтр у неразуменні патрэб Беларусі, і аднавіў сваю палітыку на дасягненне незалежнасці Вільні ад Варшавы і раўнапраўя ў адносінах паміж імі. У гэты час, як пісаў наш вядомы гісторык Уладзімір Ігнатоўскі, "рух прымае выразны процішляхецкі характар"; Каліноўскі патрабаваў ад інсургентаў бескампрамісных, жорсткіх адносінаў да шляхты, якая здрадзіла паўстанню. Аднак, выратаваць становішча, нягледзячы на ўсе намаганні Каліноўскага і яго паплечнікаў, было ўжо немагчыма – занадта вялікімі былі страты паўстанцкай арганізацыі. Ужо да восені рэвалюцыйны рух на Беларусі быў практычна задушаны. А дакладней, 28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеная барацьба ў заходніх губернях Беларусі і ў Літве была спынена, а летам 1864 г. ліквідавана алошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі яшчэ да восені 1864 г., але таксама былі разбіты.

За барацьбой палякаў з глыбокім спачуваннем сачылі рэвалюцыя-неры ўсіх краін. Рэвалюцыйныя дэмакраты ў Расіі, прадстаўнікі рускай палітычнай эміграцыі лічылі справу Польшчы сваёй кроўнай справай. У абарону паўстанцаў выступіў "Колокол" А.Герцэна. М.Бакунін апублікаваў адозву "Да рускага, польскага і да ўсіх славянскіх народаў", дзе заклікаў падтрымаць польскіх патрыётаў. Нямала рускіх змагалася ў радах паўстанцаў. У заходнееўрапейскай прэсе распаўсюджвалася інфармацыя аб ходзе паўстання, сабіралася і накіроўвалася ў Польшчу зброя, з эмігрантаў вербаваліся добраахвотнікі. 3 дапамогай цэнтра "Маладая Еўропа" і асабіста Дж. Гарыбальдзі рыхтаваліся палітычныя і ваенныя кіраўнікі паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К.Маркса і Ф.Энгельса, якія лічылі польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам.


2. КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІКІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ


Кастусь Каліноўскі, поўнае імя Вінцэнт–Канстанцін Каліноўскі, нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня) 1838 у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца [8. с. 61].

У 1847–52 гг. вучыўся ў Свіслацкам павятовам вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Гады навучання Каліноўскага супадалі з “Вясной народаў” – дэмакратычнымі рэвалюцыямі 1848 года, якія ўскалыхнулі і прывялі ў рух увесь Еўрапейскі кантынент. Звонкім рэхам адгукнуліся яны і ў Беларусі. І яны ў вялікай меры фарміравалі светапогляды юнага Кастуся.

Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнню Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. Адораны ад прыроды выключным працалюбствам, жывым розумам, ен ведаў некалькі моў, любіў літаратуру, ахвотна вывучаў гісторыю. Ен добра арыентаваўся ў падзеях, што адбываліся ў свеце, ахвотна расказваў брату і іншым вучням пра яркія падзеі вызваленчай барацьбы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта па разрадзе камеральных навук. На працягу навучання ва універсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ўзначальвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Падчас свайго навучання Кастусь Каліноўскі пазнаеміўся з перыедыкай, якая вельмі паўплывала на яго далейшыя светапогляды, у прыватнасці з матэрыяламі часопіса “Современник” і газеты “Колокол”, вялікае месца ў якіх займалі артыкулы, прысвечаныя праблемам сялянства.

Неўзабаве пасля атрымання універсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.

Паводле сваіх ідэйных перакананняў, Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.

Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў гэтай газеты. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага "Яська-гаспадар з-пад Вільні". Газета ўяўляла сабою друкаваныя лацінкаю лісткі. Яны мелі невялікі памер, іх можна было разгладзіць на калене ў хвіліны адпачынку проста на полі, а прачытаўшы – лёгка схаваць.

«Дзецюкі! – пісаў Яська-гаспадар у першым нумары. – Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, - цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці... такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды...

Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымася разам! А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па святой справядлівасці, бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».

Апошні, сёмы нумар «Мужыцкае праўды» пабачыў свет ужо ў часе нацыянальна-вызваленчага паўстання. Тут гучыць адкрыты заклік да змагання з расійскімі каланізатарамі: «Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане – не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».

За кароткі час газета ў поўным сэнсе слова абляцела ўсе губерніі і ўезды Беларусі, частку Літвы і Латвіі. Мабыць, менавіта таму Герцэн і пісаў, што нумары “Мужыцкай праўды” ператвараюцца “лятучыя лісткі”.

Асабліва актыўную дзейнасць развярнулі распаўсюджвальнікі газеты на тэрыторыі Беларусі. А распаўсюджваннем нумароў выдання займаліся члены рэвалюцыйнай арганізацыі, а таксама патрыятычна настроеная моладзь, сяляне і нават самівыдаўцы – Ражанскі,Урублеўскі і Каліноўскі.

У 1862 годзе Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) – цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю (зараз – тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі). А ўвосень таго ж году стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў ("белых") звалі "чырвонымі". Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай.

Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасле выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.

Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялянаў. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтсва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстанне і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.

З мэтай аператыўнага кіравання К. Каліноўскі падзяліў Гродзенскую губернію на тры часткі, назначыў туды кіраўнікамі Э. Заблоцкага, А. Гафмейстэра і У. Урублеўскага. Кожнаму з іх быў дадзены загад “кіраваць незалежна [ад Вільна], злучацца толькі з камісарам [Каліноўскім] і ад яго толькі атрымліваць загады”.

У чэрвені 1863 году з-за поспехаў царскіх войскаў і масавых арыштаў паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца у Вільню, дзе дзейнічае пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе беларускіх сялян.

Паліцыя безперапынна шукала Кастуся Каліноўскага. Аднак пошукі не прыносілі жаданых вынікаў. Да гэтага часу ўсе бліжэйшыя яго паплечнікі былі арыштаваны, ці эмігравалі. Каліноўскі застаўся адзін. Ен сам пісаў і рассылаў інструкцыі, загады, клапаціўся пра забеспячэнне паўстанцкіх атрадаў зброяй, вопраткай і харчаваннем. Але ўладам стала вядомае сапраўднае прозвішча кіраўніка паўстання. У іх рукі трапіў фотаздымак, які быў выстаўлены на ўсіх віленскіх вуліцах. За галаву Каліноўскага Мураўеў абяцаў значную ўзнагароду.

З восені 1863 году К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 году арыштаваны ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Святога Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца. Святаянскія муры – вялікі квартал. Тут, у будынках, што раней належылі універсітэту, мясцілася гімназія, музей старажытнасцяў, цэнтральны архіў, абсерваторыя, а таксама кватэры для служачых. У адной з іх другі месяц здымаў пакой Каліноўскі. А непадалек – праз вуліцу – знаходзіўся генерал-губернатарскі палац. Так, па волі выпадку, у апошнія дні паўстання рэвалюцыйны камісар і яго кат жылі побач. Паколькі дакладны адрас Каліноўскага быў невядомы, спатрэбілася дзве роты салдат, каб акружыць квартал і пачаць вобыск. Калі пастукалі ў кватэру рэвалюцыянера, дзверы адчыніў малады чалавек і спакойна назваў свае імя і прозвішча “Ігнат Вітажэнец”. У той жа момант ен быў арыштаваны.

Пад час следства і суду Кастусь Каліноўскі цверда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: "...грамадская адкрытасць з'яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека... мае паказанні па [іншых] асобах... не могуць спрыяць замірэнню краю... ...усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху."

З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»: «...Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду... Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку... . Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу... Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе. Твой слуга Яська – гаспадар з-пад Вільні»

Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні. Са словаў вачадкікаў Каліноўскі ішоў на пакаранне смела. Калі яму чыталі канфірмацыю, ен стаў рабіць заўвагі; так, напрыклад, калі назвалі яго імя: дваранін Вікенцій Каліноўскі, ен ўсклікнуў: “У нас няма дваран, усе роўныя”.

У момант катавання Кастусю Каліноўскаму толькі споўнілася 26 гадоў. Ен пайшоў з жыцця ў самым яго росквіце, поўны планаў і ідэй. Такім ен і застаўся назаўседы ў памяці народа – маладым, мужным і прыгожым [11. с. 87].

Сярод самых цікавых светапоглядаў вядомага беларускага рэвалюцыянера можна вылучыць думкі аб стварэнні сялянскага абшчыннага сацыялізму, інакш кажучы першыя калектывістскія захады; ліквідацыю ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывелей і абмежаванняў, з мэтай зрабіць галоўнай каштоўнасцю чалавечай асобыпрацу, ацэньваць чалавека за справы. Вялікую ролю як у працэсе пераўтварэння старога грамадства, так будаўніцтва новага жыцця К. Каліноўскі адводзіў жанчыне. Ен добра бачыў прыгнечанае становішча беларускай сялянкі, жыцце якой было яшчэ больш цяжкім, чым у мужчыны. Каліноўскі бачыў не толькі горкі лес жанчыны-працаўніцы, але і жанчыны-маці. Рэвалюцыянер быў за сацыяльнае вызваленне працоўнай жанчыны і дасягненне яе фактычнай роўнасці з мужчынамі. А найлепшай формай дзяржаўнага ладу Каліноўскі лічыў дэмакратычную рэспубліку.

Кастусь Каліноўскі – магчыма самая значная фігура ў беларускай гісторыі. І не толькі таму, што ён узначаліў паўстанне 1863-64 гг. на Беларусі; не толькі таму, што прыняў пакутніцкую смерць за Бацькаўшчыну. Самае галоўнае у ягонай постаці – ён стаў гістарычным мастом паміж старажытнай ідэяй дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і ідэямі беларускага нацыяналізму 20-га стагоддзя, якія увасобіліся ў стварэньні БНР у 1918 г., а іх лягічным завяршэньнем стала стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 г.

3. НАСТУПСТВЫ ПАЎСТАННЯ ДЛЯ ЯГО ЎДЗЕЛЬНІКАЎ І ІНШЫХ ЖЫХАРОЎ БЕЛАРУСІ



Паўстанне 1863-1864 гг. па сваіх мэтах было спробай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі, накіраванай на звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне нацыянальнай і сацыяльнай роўнасці. Аднак, абмежаваная праграма паўстання выключыла з удзелу ў ім шырокія масы сялянства. Расійская грамадскаць таксама не падтрымала выступленні – спачуваў паўстанцам, бадай, адзін толькі герцэнаўскі "Колокол". Адсутнасць адзінага плана, узаемадзеянняў паміж атрадамі, сакавіцкі пераварот і чатырохмесячнае кіраванне "белых" – усё гэта разам і прывяло інсургентаў да паражэння. Калі на чале паўстання зноў сталі "чырвоныя", выратаваць яго было ўжо немагчыма.

Царскі ўрад рукамі віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва за лічаныя месяцы задушыў паўстанне. Апошняя рэвалюцыйная арганізацыя на Беларусі была ліквідавана ў 1864 годзе на Навагрудчыне. З гэтага часу Беларусь стала арэнай дзікай рэакцыі.

Увогуле за ўдзел у паўстанні 128 чалавек былі пакараны смерцю, 853 сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір. Асабліва трагічныя наступствы мела паўстанне для яго актывістаў, асабліва тых, хто адмовіўся пасля затрымання супрацоўнічаць з уладамі. Сярод самых вядомых былі:

Авейдэ Оскар (Овейде) - (1837-1897) Юрыст і эканаміст, удзельнік польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Паводле палітычных перакананняў быў блізкі да памяркоўных "чырвоных", супрацьстаяў "сепаратысцкім" памкненням Каліноўскага. З 1862 г. член ЦНК, а з выбухам паўстання ўвайшоў у склад варшаўскага Нацыянальнага ўрада. Рэдагаваў дэкрэт аб надзяленні сялян зямлёй. У ліпені 1863 пасланы варшаўскім цэнтрам на Літву і Беларусь у якасці паўнамоцнага камісара, дзе і быў неўзабаве арыштаваны. Падчас следства выдаў жандарам шэраг удзельнікаў руху. У 1866 г. высланы ўладамі на жыхарства ў Вяцкую губерню, якую не пакідаў да самае смерці.

Андрыелі Міхаіл Эльвіра - (1836-1893) Мастак, графік, ілюстратар, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Літве і на Беларусі. Падчас паўстання ваяваў супраць імперскіх войскаў на Віленшчыне і Ковеншчыне. Атрымаў ад паўстанцкага ўрада званне палкоўніка. У верасні, калі паўстанне ўжо амаль захлынецца ў крыві, жандары схопяць Міхала ў Санкт-Пецярбурзе. Але яму ўдасца ўцячы з турмы і з'ехаць за мяжу. На эміграцыі (Парыж, Лондан) Андрыёлі жыў нядоўга. У 1866 г. ён вярнуўся ў Расійскую імперыю, і неўзабаве быў сасланы ўладамі ў Вятку.

Банольдзі Джузэпэ Ахіла Эльміра - (1821-1871). псеўданім - Стэля. У 1862 г. Банольдзі разам з Каліноўскім увайшоў у склад ЛПК. У віленскай фотамайстэрні італьянца рыхтаваліся падпольныя выданні патрыётаў. Неўзабаве пасля выбуху паўстання ўлады выслалі Банольдзі з краіны. Зрэшты, ёсць і другая версія, паводле якой Ахіла ў лютым 1863-га быў зняволены ў сутарэннях старажытнага замка ў Троках, але сябры дапамаглі яму, наладзіўшы дзёрзкія ўцёкі... Гэтак ці іначай, але ён стаў прадстаўніком віленскага паўстанцкага цэнтра за мяжой, яму былі давераны так званыя "літоўскія сумы" – замежныя фінансавыя сродкі паўстанцаў, на якія мелася закупляцца зброя й амуніцыя.

Вярыга Эдмунд Іванавіч (каля 1840-1902) - Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на Літве і Беларусі. Як член віленскага паўстанцкага цэнтра актыўна працаваў над падрыхтоўкай паўстання: вёў рэвалюцыйную агітацыю, нарыхтоўваў зброю. У лістападзе 1862 г. вёў перамовы з польскімі канспіратарамі, дзе адстойваў раўнапраўе ў стасунках паміж Варшавай і Вільняй. Арыштаваны неўзабаве пасля пачатку паўстання. Прыгавораны да 8 гадоў катаргі.

Урублеўскі Валерый Антоній - (1836-1908) Дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў ягонай падпольнай працы, у тым ліку ў выданні й распаўсюджванні "Мужыцкае праўды". Падчас паўстання кіраваў вайсковымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней - камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага й Падляшскага ваяводстваў. Паранены ў жніўні 1864 г., выехаў у Францыю.

Гейштар Якуб Казімір Станіслав (Якуб Вільгельм Каспер) - (1827-1897) Будучы праціўнікам рэвалюцыйных дзеянняў, у 1848 г. накіраваўся ў Вільню, каб устрымаць моладзь ад паўстання. Пасля жыў ва ўласным маёнтку, займаючыся гаспадарчымі справамі. Быў у добрых узаемаадносінах з сялянамі. Як член Ковенскага губернскага камітэта браў удзел у выпрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. Бескампрамісны апанент Каліноўскага, разглядаў Беларусь, Літву й Украіну як складомыя часткі Польшчы. Арыштаваны ў ліпені 1863 г. Спярша высланы ва Уфу, але затым вернуты для дадатковага следства і сасланы на 12 год катаргі ў Сібір [4. с. 92].

Далеўскі Цітус - (1840-1863) Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху Адзін з найблізкіх паплечнікаў К. Каліноўскага напярэдадні і ў час паўстання. Арыштаваны ў снежні 1863 г. Публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Дамброўскі Яраслаў - (1836-1871) псеўданім - Лакетак. Дзеяч польскага й міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Прапагандаваў ідэю інтэрнацыянальнага саюзу ў барацьбе з прыгнётам. З 1862 г. на вайсковай службе ў Варшаве. Быў дзейсным членам польскага паўстанцкага цэнтра, начальнікам горада Варшавы. Кіруючы падрыхтоўкай паўстання, Дамброўскі актыўна супрацоўнічаў з рускімі афіцэрамі, разлічваючы на сумесныя збройныя выступленні супраць самадзяржаўя. Арыштаваны ў 1862 г., ён, тым не менш, і з турмы працягваў кіраваць падрыхтоўкай супраціву. Па дарозе на катаргу ў Сібір у снежні 1864 г. яму ўдалося збегчы і з дапамогай рускіх рэвалюцыянераў выехаць за мяжу. Жывучы ў Францыі на эміграцыі працягваў рэвалюцыйную дзейнасць.

Длускі Баляслаў (1826-1905) псеўданім - Ябланаўскі. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. Паводле палітычных перакананняў – прыхільнік "чырвонага" крыла, адзін з найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў Каліноўскага. Член ЛПК з 1862 г. Адстойваў інтарэсы віленскага цэнтра ў перамовах з ЦНК. Будучы начальнікам Ковенскага ваяводства, Длускі на чале атрада паўстанцаў разбіў 10 чэрвеня 1863 г. буйныя сілы карнікаў каля мястэчка Папаляны на Шавельшчыне. З кастрычніка – ваенны камісар Літвы і Беларусі за мяжой. Да самага канца паўстання трымаў сувязь з Каліноўскім, клапаціўся пра зброю для паўстанцаў. "Літоўскія сумы", перайшоўшыя яму згодна з загадам віленскага цэнтра ад А. Банольдзі, ён здаў у 1865 г. спецыяльнаай камісіі з паўстанцаў-эмігрантаў. З 1873 г. – у Галіцыі.

Дзюлёран Нестар (каля 1825-1868) - Удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Лавіраваў паміж "белымі" і "чырвонымі". У 1862 г. камісар ЦНК ў віленскім паўстанцкім цэнтры. Аднак неўзабаве з ростам уплыву Каліноўскага быў выдалены адтуль. Перакінуўся да "белых". Менавіта з ініцыятывы Дзюлёрана быў арганізаваны пераварот, у выніку якога Каліноўскі быў адхілены ад кіраўніцтва, а ЛПК трансфармаваны ў цалкам "белы" Адзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Пэўны час займаў у наваствораным Аддзеле пасаду варшаўскага камісара. У далейшым быў памочнікам рэвалюцыйнага камісара ў Прусіі і рэвалюцыйным камісарам у Германіі. Пасля паражэння паўстання жыў на эміграцыі ў Парыжы.

Заблоцкі Эразм Карлавіч (каля 1831-?) псеўданім - Медыёр. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з паплечнікаў К. Каліноўскага. Паходзіў з шляхты. Увесну 1863 г. паўстанцкі цывільны начальнік Гародзенскага ваяводства. У траўні здзейсніў разам з Каліноўскім інспекцыйную паездку па Слонімшчыне. Пасля ад'езду Каліноўскага ў Вільню заняў пакінутае ім месца ваяводскага камісара. Увосень 1863 г. арыштаваны. Асуджаны на 15 год прымусовай працы.

Звяждоўскі Людвіг Міхайлавіч (1829-1864). псеўданім - Тапор. Удзельнік нацыянальна-вызвалечага руху. Да кастрычніка 1862 г. узначальваў віленскі паўстанцкі цэнтр. Пасля быў пераведзены ў Маскву. Напачатку паўстання - ваенны начальнік Магілёўскага ваяводства. Пад яго камандаваннем сілы інсургентаў занялі павятовы горад Горкі. Аднак, з-за неспрыяльных умоваў для руху на Магілёўшчыне, неўзабаве распусціў рэшткі свайго атрада й выехаў за мяжу. З 1864 г. дзейнічаў у Польшчы. Схоплены ўладамі падчас няўдалае атакі на горад Апатаў і страчаны праз павешанне.

Козел Ян Іванавич (1837-1896). псеўданім - Скала. Шляхціц, удзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання. Стаў стваральнікам мінскай арганізацыі "чырвоных". З 1862 г. – член ЛПК. Блізкі паплечнік Каліноўскага. Пасля "белага" перавароту дзейнічаў у Польшчы, займаў розныя пасады. Пэўны час быў камендантам Варшавы. Пасля падаўлення паўстання жыў на эміграцыі ў Францыі.

Малахоўскі Уладзіслаў Юл’янавіч - (1827-1900) Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў, блізкі памочік Каліноўскага. З лета 1863 г. ў складзе віленскага рэвалюцыйнага цэнтра. Пэўны час (з перапынкам) з'яўляўся паўстанцкім начальнікам Вільні. Наладжваў кантакты з рускімі рэвалюцыянерамі. У жніўні 1863 г. змушаны на нелегальным становішчы выехаць у Пецярбург, затым у Кёнігсберг (цеперашні Калініград), дзе, будучы прадстаўніком Каліноўскага, клапаціўся пра зброю для інсургентаў, займаўся выданнем газеты "Glos z Litwy".

Мінэйка Сігізмунд Станіслававич - (1840-1925). псеўданім - Баравы. Вайсковец, інжынер, аматар гісторыі, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага. Падчас узброеных выступленняў Зыгмунт ваяваў у родных мясцінах, узначальваў паўстанцкую вайсковую арганізацыю ашмянскага павета. Але ўжо ў чэрвені ягоны атрад быў разбіты царскімі карнікамі, а сам ён патрапіў у рукі жандараў. Напачатку Мінейку прыгаварылі да павешання, але з нейкіх прычынаў імперскія ўлады праявілі "міласэрнасць" (хутчэй за ўсё, таму паспрыялі сувязі і грошы родных Зыгмунта), і смяротнае пакаранне было замененае на 12 год катаргі. Аднак па дарозе ў Сібір Мінейку ўдалося падмануць канваіраў і пад імем памерлага таварыша, асуджанага толькі на пасяленне ў Томску, застацца ў гэтым горадзе. А праз два гады Зыгмунт увогуле ўцёк з Сібіры і выехаў за мяжу.

Рагінскі Раман - (1840-1915) Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. Напачатку выступленняў – камісар ЦНК ў Падляшскім ваяводстве. У канцы студзеня-лютым здзейсніў глыбокі рэйд па землях заходняй Беларусі, заняў горад Пружаны, але неўзабаве быў разбіты і з дапамогай адданых цару сялян захоплены ў палон. Смяротны вырак Рагінскаму быў заменены на 20 год катаргі. Пакаранне адбываў у Пермскай губерні, у хуткім часе пераведзены на пасяленне.

Ражанскі Фелікс - (?-пасля 1903) Удзельнік беларускага нацыянальна вызваленчага руху, паэт, мемуарыст. У 1861 г. прыйшоў у гародзенскую арганізацыю Каліноўскага, стаў ягоным бліжэйшым паплечнікам. Удзельнічаў у рэвалюцыйнай агітацыі, выданні і распаўсюджванні "Мужыцкай праўды". Падчас паўстання ваяваў разам з У. Урублеўскім. Пасля паўстання эміграваў у Кракаў.

Сангін Станіслаў - (каля 1818-1863) Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. Член рэвалюцыйнай арганізацыі Каліноўскага, ягоны паплечнік. Браў удзел у выданні й распаўсюджванні "Мужыцкай праўды". Напачатку выступленняў фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі й Польшчы. Удзельнічаў у рэйдзе Р. Рагінскага ў глыб Беларусі. Загінуў у баі на Пружаншчыне.

Серакоўский Сігізмунд Ігнатавіч - (1826-1863) псеўданім - Даленга. Дзеяч польскага й міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі, і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. Але напрыканцы красавіка 1863 г. паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, а сам ён паранены захоплены ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Травгут Рамуальд Людвікавіч (1826-1864) псеўданім - Кракоўскі. Генерал, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. Пасля выбуху паўстання, у красавіку 1863 г. сфармаваў атрад, на чале якога пэўны час паспяхова змагаўся з урадавымі войскамі. У ліпені выехаў у Варшаву. Быў прадстаўніком паўстанцкіх уладаў за мяжой. У кастрычніку атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы ў варшаўскім рэвалюцыйным урадзе, стаўшы фактычна дыктатарам паўстання ў Польшчы. Прыклаў шмат намаганняў, каб рэанімаваць рух, надаць яму размах народнай вайны, рэарганізаваць узброеныя сілы інсургентаў. Арыштаны ў сакавіку 1864 г. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Чаховіч Сігізмунд - (1831-1907) Па палітычных поглядах - прыхільнік "чырвоных". У 1862-1863 гг. член ЛПК, экспедытар у Аддзеле кіраўніцтва правінцымі Літвы. Арыштаваны (паўторна) ўлетку 1863 г. Высланы ў Сібір.

Ямант Юзеф Мацвеявіч - (1841-?) Актыўны ўдзельнік ныцыянальна-вызваленчага руху. Пэўны час выконваў абавязкі сакратара Каліноўскага. З кастрычніка 1863 г. - паўстанцкі камісар Мінскага ваяводства. У студзені 1864-га арыштаваны. Высланы ў Сібір.

Ямант Марыя Мацвеяўна - (1843-?) Нарачоная К. Каліноўскага. Падчас паўстання актыўна дапамагала Кастусю ў ягонай працы. У 1864 г. саслана ў Табольск.

Такім чынам, большасць актывістаў паўстання 1863-1864 гадоў была павешана, саслана ў Сібір, ці вымушана была эмігрыраваць у Заходнюю Еўропу, каб пазбегнуць пакарання.

А якія ж наступствы мелі паўстанне для простага насельніцтва Беларусі?

Беларускі народ не прызнаваўся, як і раней, самастойным этнасам, наша мова і культура лічыліся састаўнымі часткамі рускай мовы і культуры. Да канца 60-х гадоў край заставаўся на ваенным становішчы, а гэта значыць працягвалі дзейнічаць выключныя законы ваеннага часу. Была зачынена адзіная вышэйшая школа на Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, і далейшыя хадайніцтвы аб адкрыцці на нашых землях ВНУ адхіляліся расійскім урадам. Больш за тое, нават колькасць гімназіяў у краі здавалася Мураўёву завялікай. Замест "лішніх" гімназіяў планавалася адчыніць народныя вучэльні, выкладанне дзе павінна было весціся цалкам у духу адданасці рускаму самадзяржаўю. Рэзка актывізавалася "водворение русского элемента": Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край".

Мясцовыя настаўнікі, чыноўнікі пераводзіліся на службу ў цэнтральныя губерні імперыі, адтуль жа запрашаліся для работы на вызваленых месцах карэнныя рускія. Царскія генералы і чыноўнікі маглі на ільготных умовах набываць маёнткі, канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання. Негатыўнае значэнне мела і тое, што прагрэсіўныя рэформы Аляксандра ІІ праводзіліся ў паўночна-заходніх рэгіёнах імперыі не ў поўным масштабе, або з вялікім спазненнем.

Але разам з тым у выніках паўстання было шмат пазітыўнага. Пад пагрозай народнай рэвалюцыі, царызм быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі беларуска-літоўскаму сялянству і змякчыць для яго ўмовы лютаўскай рэформы 1861 года.

Для паўстання 1863-1864 гг. характэрна тое, што ў ім побач з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам узняўся беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, выразнікам ідэй якога быў К. Каліноўскі. Пазней на гэтых ідэях, што захаваліся дзякуючы людзям, якія пазбеглі арышту і засталіся вернымі справе Каліноўскага, у тым ліку літаратарам (Ф. Багушэвіч і інш.), вырасла новае пакаленне барацьбітоў за Беларусь, з імёнамі якіх звязана наша нацыянальнае адраджэнне ў пачатку ХХ стагоддзя.

Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла "беларускае пытанне" і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Наогул, у польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання. Асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюца як польскія або "краёвыя".

Наогул, па стане на 2000-я гг. беларуская гістарыяграфія паўстання і асобы Каліноўскага характарызуецца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.

У часы "беларусізацыі" 1920-х гг. беларуская гістарыяграфія сфарміравала дзве асноўныя канцэпцыі разгляду і ацэнкі паўстання. Адна з іх, "вульгарна-сацыялагічная" (прадстаўнікі: У. Ігнатоўскі і інш.) разглядала паўстанне як польскае, якое значна закранула Беларусь, і набыло асаблівы характар, з'яўляючыся тут, з аднаго боку, сялянскім супраць паноў, з другога — палітычным нацыянальна-вызваленчым супраць царызму. У гэтай канцэпцыі дзеянні "чырвоных" трактаваліся як народныя і антышляхецкія, і амаль як беларускія ў палітычнай скіраванасці, а дзеянні "белых" — як фактычна згодныя з дзеяннямі царскіх уладаў. Паўстанне ў гэтай канцэпцыі дэкларатыўна разглядалася як прадвеснік будучай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Падобным чынам, гэта значыць, дэкларатыўна і як падзею-прадвеснік, але ўжо з пункту гледжання будучага абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці (БНР), паўстанне разглядалася ў працах беларускіх замежных даследчыкаў 1920-х гг. і пазней (Адам Станкевіч, Ян Станкевіч).

Другая з канцэпцый 1920-х гг. (С. Агурскі, К. Шчарбакоў і інш.) фактычна вярталася да заходнярускай канцэпцыі, цалкам знітоўваючы сілы паўстання з шляхтай і духавенствам, катэгарычна адмаўляючы усенароднасць паўстання, падкрэсліваючы шавіністычны характар паўстання, а Каліноўскага называючы "міфічным героем" і "ідэолагам... шляхты".

Пасля хвалі рэпрэсій 1929—1930 супраць "нацдэмаў" другая ацэнка ўзяла верх, аж да хвалі рэпрэсій 1937—1938, і знішчэння прадстаўнікоў другой ацэнкі. Пасля гэтага частковая "рэабілітацыя" паўстання адбылася ў працах І. Лочмеля (з удзелам Н. Нікольскага, Д. Дудкова), але, напрыклад, у працы У. Пічэты аб антыфеадальных рухах (1940) паўстанне нават не ўзгадвалася. Відавочна, на асцярожнасць у закрананні гэтай тэмы ўплываў палітычны клімат часоў савецка-нямецкага раздзелу Польшчы (1939). У гэтай сітуацыі ўзнік шэраг супярэчлівых міфаў адносна паўстання, якія не мелі нічога агульнага з гістарычнай рэчаіснасцю падзей 1863—1864 гг. — напрыклад, пра скіраванасць паўстання, якое ў Беларусі было сялянскім пад кіраўніцтвам Каліноўскага, супраць польскай шляхты.

У далейшым (1940—1950-я гг.) колькасць міфаў пабольшала, і да "сялянскага характару паўстання ў Літве і Беларусі" дадаўся міф (У. Перцаў, 1945; І. Лушчыцкі ў 1950-я гг.; С. Самбук у 1960-я—1970-я гг.) аб "сялянскім рэвалюцыянеры" Каліноўскім і аб яго намеры ўтварэння "літоўска-беларускай рэспублікі, самастойнай і ад Польшчы і ад Расіі".

Пэўны паварот да навуковасці ў разглядзе пытання адбыўся на працягу канца 1950-х — пач. 1970-х гг., калі выйшаў шэраг прац з шырокім выкарыстаннем архіўных матэрыялаў (манаграфіі А. Смірнова, 1959—1964, кнігі Г. Кісялёва, 1963, 1966). Тут назіралася барацьба старых схем і новага (і супярэчлівага схемам) дакументальнага матэрыялу. Напрыклад, у працах Смірнова адносіны сялянства Літвы і Беларусі да паўстання так і не былі раскрыты.

За 1980-я — 2000-я гг., нягледзячы на ўсведамленне праблемы (М. Біч), так і не быў зроблены навуковы, непалітызаваны аналіз біяграфіі Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863—1864 гг. Аўтары або вярталіся да палітызаваных міфаў 1920—1950-х гг. (М. Біч, Г. Сагановіч, У. Арлоў, І. Саверчанка) або да версій блізкіх заходнерусізму (У. Чарапіца, Е. Новік і У. Марцуль). Па-ранейшаму ў беларускай гістарыяграфіі няма манаграфічнай працы, якая б спалучала аналіз падзей паўстання з аналізам крыніц рэканструкцыі гэтых падзей. Агульным для беларускай гістарыяграфіі з'яўляецца слабая ўвага або толькі дэкларацыйнае прызнанне ролі агульнаеўрапейскага (замежнапалітычнага) і польскага кантэксту ў падзеях паўстання.

ЗАКЛЮЧЭННЕ


Пасля напісання курсавой работы на тэму “Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі. Кастусь Каліноўскі” можна зрабіць наступныя вынікі:

Паўстанне 1863-1864 гадоў было смелым адказам на прыгнечанне беларускага люду з боку царскіх уладаў. Апошняй кропляй стала несправядлівая аграрная рэформа. Сялянства хвалявалася, адмаўлялася падпісваць устаўныя граматы, уздымалася на адкрытую барацьбу з памешчыкамі. У гэтых умовах у Польшчы, Літве і Беларусі пачаў разгортвацца нацыянальна-вызваленчы рух, накіраваны супраць рэшткаў прыгону, супраць самадзяржаўя, за правы чалавека і грамадзяніна.

Патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў, прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы.

Пачатак паўстання быў нечаканым для царскага камандавання, якое сканцэнтравала войскі ў некалькіх буйных польскіх гарадах. Нягледзячы на гэтыя спрыяльныя ўмовы, рэвалюцыянеры не скарысталі час для папаўнення і ўзбраення сваіх атрадаў. Памылковая абарончая тактыка, недахоп зброі і вайсковай вывучкі, рознагалоссі паміж кіраўніцтвам не дазволілі паўстанцам авалодаць колькі-небудзь значнымі гарадамі і перамагчы праціўніка.

Кастусь Каліноўскі – магчыма самая значная фігура ў беларускай гісторыі. І не толькі таму, што ён узначаліў паўстанне 1863-64 гг. на Беларусі; не толькі таму, што прыняў пакутніцкую смерць за Бацькаўшчыну. Самае галоўнае у ягонай постаці – ён стаў гістарычным мастом паміж старажытнай ідэяй дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і ідэямі беларускага нацыяналізму 20-га стагоддзя, якія увасобіліся ў стварэньні БНР у 1918 г., а іх лягічным завяршэньнем стала стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 г.

Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове.

К. Каліноўскі змог наладзіць найбольш актыўную і выніковую дзейнасць паўстанца, але за свае дзеянні быў арыштаваны і павешаны, як і большасць яго бліжэйшых паплечнікаў.

Сярод негатыўных наступстваў паўстання можна адзначыць тое, што беларускі народ не прызнаваўся, як і раней, самастойным этнасам, наша мова і культура лічыліся састаўнымі часткамі рускай мовы і культуры. Да канца 60-х гадоў край заставаўся на ваенным становішчы. Была зачынена адзіная вышэйшая школа на Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, і далейшыя хадайніцтвы аб адкрыцці на нашых землях ВНУ адхіляліся расійскім урадам. Больш за тое, нават колькасць гімназіяў у краі здавалася Мураўёву завялікай.

Але разам з тым у выніках паўстання было шмат пазітыўнага. Пад пагрозай народнай рэвалюцыі, царызм быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі беларуска-літоўскаму сялянству і змякчыць для яго ўмовы лютаўскай рэформы 1861 года. Для паўстання 1863-1864 гг. характэрна тое, што ў ім побач з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам узняўся беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, выразнікам ідэй якога быў К. Каліноўскі. Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла "беларускае пытанне" і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ


  1. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. З. Санько, І. Саверчанка - Вільня: "Наша будучыня", 2002;

  2. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. - Вільня: "Наша будучыня", 1999;

  3. Запавет Мураўёва, графа Віленскага. Записка о некоторыхъ вопросахъ по устройству Северо-западнаго края // Новы Час №11(16), 2003;

  4. Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. - Мінск: "Універсітэцкае", 2000;

  5. Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мінск: "Беларусь", 1992;

  6. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. - Минск: "БелЭн", 1998;

  7. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В.Г. Мазец - Минск: "Амалфея", 2000;

  8. Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад. Г. Кісялёў - Мінск: "Беларускі кнігазбор", 1999;

  9. К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия. - Минск: "Беларусь", 1988;

  10. Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / У. Арлоў, З. Герасімовіч. - Martin: "Neografia", 2003;

  11. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. - Мінск: "Беларусь", 1994;

  12. Таляронак С. Генерал Міхаіл Мураўёў 7-"Вешальнік" // Беларускі гістарычны часопіс №3, 1997;

  13. Шалькевич В. Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. – Мн.: Университетское, 1988. – 240 с.: ил.

  14. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Тт. 1-6/ч. 1/. - Мінск "БелЭн", 1993-2001;

Нравится материал? Поддержи автора!

Ещё документы из категории история:

X Код для использования на сайте:
Ширина блока px

Скопируйте этот код и вставьте себе на сайт

X

Чтобы скачать документ, порекомендуйте, пожалуйста, его своим друзьям в любой соц. сети.

После чего кнопка «СКАЧАТЬ» станет доступной!

Кнопочки находятся чуть ниже. Спасибо!

Кнопки:

Скачать документ